Творчасць Лукаша Калюгі

СОДЕРЖАНИЕ: Лукаш Калюга як выдатны мастак слова на ніве беларускай прозы. Асноўныя моманты яго жыццёвага і творчага шляху. Адметныя рысы мовы і характару твораў пісьменніка. Аналіз сюжэтаў найбольш вядомых твораў Лукаша Калюги, адзнака сацыяльных праблем грамадства.

Імя Лукаша Калюгі (1909—1937) (Канстанціна Пятровіча Вашыны), ярка засвяціўшыся на літаратурным небасхіле канца 20-х гадоў, праз дзесяцігоддзе ўжо і згасла. Так мала часу адмераў лёс гэтаму шчыраму мастаку слова для працы на ніве беларускай прозы, прычым чатыры гады былі азмрочаны арыштам, турмой і выгнаннем з роднай Беларусі.

Нарадзіўся будучы празаік 26 верасня 1909 г. у вёсцы Скварцы былога Койданаўскага павета, цяперашняга Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сямі. У два гады хлопчык страціў маці, а яшчэ праз чатыры гады і бацьку. Гадавала Кастуся родная цётка — бацькава сястра. Пасля заканчэння Станькаўскай сямігодкі ў 1926 г. стаў студэнтам Магілёўскага педтэхнікума, вучобу ў якім хутка пакінуў і вярнуўся ў родныя мясціны.

У 1927 г. паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум у Мінску і стаў сябрам абяднання «Узвышша». Рэкамендаваў яго ў гэтае нешматлікае згуртаванне, якое складалі толькі па-сапраўднаму таленавітыя, прызнаныя майстры слова, Кузьма Чорны.

У 1931 г. Калюга паспяхова скончыў Белпедтэхнікум. Пасля два гады працаваў у Навукова-даследчым інстытуце прамысловасці Вышэйшага Савета Народнай гаспадаркі БССР і нядоўга на Беларускім радыё.

У студзені 1933 г. быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі. Спачатку, у 1933 г., адбываў пакаранне ў Мінскай турме. Пасля быў высланы ў Сібірскі край — горад Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Там знаходзіўся на вольным пасяленні з 1933 па 1937 год. Паўторна быў арыштаваны 2 кастрычніка 1937 г. і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1965 г.

Творчы шлях Лукаша Калюгі пачаўся вельмі рана. Яшчэ ў час вучобы ў сямігодцы ён стаў дасылаць у папулярную тады газету «Беларуская вёска» допісы пра жыццё ў родных Скварцах. Неўзабаве паслаў у газету «Чырвоны сейбіт» і першае апавяданне «Выйшлі на цаліну» (1926), прысвечанае жыццю беззямельных сялян, «галоце», што на злосць хутаранцам будуюцца на цаліне. Аўтара пахвалілі за цікавую тэму, параілі пісаць больш, адзначыўшы яго літаратурныя здольнасці, але твор не надрукавалі. Першым апублікаваным творам празаіка стала апавяданне «Вясна» (Чырвоны сейбіт. 1927. № 13). У ім, як і ў многіх творах «маладнякоўцаў», расказваецца пра класавыя канфлікты на вёсцы, кантрастна малюецца жыццё сялян. Вясна. У бедняка Тодара бляюць у хляве галодныя авечкі, рыкае карова, просяць есці дзеці. У шляхціца ж Вінцэся, наадварот, усе сытыя, у таку поўна саломы і зялёнага сена, нібы толькі што прывезенага з лук. Ён са злараднасцю слухае скаргі галадранца Тодара, здзекліва абяцае дапамагчы. Аднак не Вінцэсь, а бядняцкі камітэт дапамагае Тодару справіцца з бядой. «Маладнякоўская» і назва апавядання, якая звыкла сімвалізуе пачатак новага, светлага жыцця, вясёлае абуджэнне духоўных сіл у чалавеку, якія дасюль драмалі ў ім. Падкрэсліваецца, што вясна — гэта зорны час такіх сялян, як Тодар, а не Вінцэсь.

Час вучнёўства ў Калюгі не быў доўгім. Ён амаль адразу прыйшоў у літаратуру сталым, удумлівым майстрам, які ва ўсім сцвярджаў сваю непаўторнасць, сваё непадабенства да іншых. Арыгінальнасць пісьменніка кінулася ў вочы Кузьме Чорнаму, які і падтрымаў гэты талент на самым яго пачатку. Нават тэматыка першых апавяданняў Калюгі, надрукаваных пасля «Вясны» ў наступным, 1928 г., у тым жа «Чырвоным сейбіце» («Краўцы і чаляднікі», «Лукян — капераціўскі сабака», «Трахім з Пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі»), сведчыць пра яго адметнасць. Пісьменніка найбольш цікавіць тое, што на пэўны час у літаратуры 20-х гадоў (асабліва ў першай палове) нібы адышло на другі план — прыроджанае, псіхалагічнае ў чалавеку, а не сацыяльнае, класавае. У полі зроку Калюгі — тое, што розніць чалавека ад іншых, выяўляе яго унікальнасць. Пісьменніка вабіць жывы, супярэчлівы характар, фарміраваны ў глыбінях народных.

У першых апавяданнях ужо дэманструецца добрае ўменне ствараць псіхалагічныя партрэты цэлай групы людзей. У цэнтры ўвагі твора «Краўцы і чаляднікі» — сфера ўзаемаадносін багата адораных прадстаўнікоў народа краўца Аляксандры, яго настаўніка «ухвалёнага краўца Вінцэнтага» і чалядніка Міхалюка. Кожны з іх — індывідуальнасць, характар яркі і неардынарны. Аляксандра — па-хрысціянску ціхмяны, сціплы, маўклівы, працавіты. Сваёй цярплівасцю здзіўляў свайго старшага майстра. Вінцэнты аж прабаваў «калі за нішто добра-такі прыскабліць — ану, можа сваю натуру пакажа. Дык ці то па ім, ці па сцяне — каб вокам маргануў». Сам да ўсяго даходзіў Аляксандра, спадцішка прыглядваючыся да кравецкай працы, бо нічога не паказваў яму настаўнік. А праз чатыры гады выпраўлены быў ён «невукам» дадому. Адцёр таленавітага канкурэнта Вінцэнты з-за боязі згубіць кавалак хлеба. Аднак талент Аляксандры сам сцвердзіў сябе: спачатку ў войску, а пасля і ў роднай вёсцы ўсе даведаліся, што Аляксандра — першакласны майстар, абагнаў нават свайго старога настаўніка.

Філасофскае асэнсаванне чалавечага лёсу, яго працы знаходзіць працяг ў апавяданні «Трахім з Пагулянкі». «Валачашчай натуры чалавек» селянін Трахім не цураецца ніякай земляробчай і гаспадарскай працы, усё робіць спрытна і якасна, аднак стараецца «баржджэй з рук работу, а з галавы клопат збыць». Іранізуе над тымі, хто свету за ёй не бачыць, лічыць вольны час за найвялікшую каштоўнасць. Любіць расказваць пра «смешнага» шляхціца, што вельмі ж баяўся, каб яго найміты «лішне не думалі», каб у іх часу не было на гэты занятак, таму стараўся займаць іх любой работай, часта бязглуздай. У гэтым устаўным апавяданні пра шляхціца, якога пры зручным выпадку то смехам, то ўсурёз успамінае Трахім, знаходзіцца ключ да разумення ідэі твора. Працаўнік на зямлі — сцвярджае аўтар — мае права на свабоду ад цяжкай працы, часам манатоннай і аднастайнай, якая ніяк не садзейнічае ўзбагачэнню душы. У апавяданні праводзіцца ідэя адмаўлення бессэнсоўнай працы, працы дзеля працы.

У цэнтры першых калюгавых твораў — характары моцныя, нестандартныя. Не толькі да працы на зямлі здатныя яго героі — сяляне. Але яны валодаюць і мноствам іншых талентаў. Селянін Лукян (апавяданне «Лукян — капераціўскі сабака») умее, напрыклад, даць выдатную рэкламу тавару, прымусіць пакупніка зацікавіцца ім. Капераціўшчык Сцёпка — свой, баркаўскі (апавяданне «Баркаўцы — добрая вёска, і баркаўчане — вясёлыя людзі»), але спрыцен для гандлю: «Лепшага за яго капераціўшчыка і з-за меж не выпішаш, а не то, што з горада выпатрабуеш».

З самага пачатку творчага шляху Калюга зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У літаратуры 20-х гадоў якраз наспела неабходнасць паказу эпохі праз эпічны спосаб стварэння характараў і шырокі разварот падзей. Так што празаік рэалізаваў узнікшую патрэбу ў эпічных прынцыпах спасціжэння мінулага і сучаснага яму жыцця.

Мова першых твораў Калюгі адрозніваецца выкарыстаннем наватвораў, характарыстычна-экспрэсіўных дыялектызмаў, цікавых моўных выразаў, замешаных на сакавітай народнай гаворцы.

У тым жа 1928 г. пабачыў свет і першы буйны эпічны твор Лукаша Калюгі — аповесць «Ні госць ні гаспадар». Яна належыць да ліку так званай юнацкай аповесці, нараджэнне якой звязана ў беларускай літаратуры з імем Я. Коласа, яго аповесцю «На прасторах жыцця» (1926). Узвышавец Калюга, другі пасля Коласа, здолеў стварыць значны твор пра маральна-духоўнае аблічча моладзі 20-х гадоў, пра першых камсамольцаў, чаго не ўдалося нікому з «маладнякоўцаў». Прычына поспеху была, відаць, не толькі ў асабістай перажытасці (твор аўтабіяграфічны: аўтар, як і галоўны герой аповесці Хвядос Чвардоўскі, пасля заканчэння сямігодкі нейкі час жыў у роднай вёсцы, дзе дапамагаў дзядзьку па гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй, разам з камсамольцамі бавіў час на сходах і ў спрэчках), але і ва ўменні пісьменніка ўзняцца над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваць працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Калюга не паўтараў рыс характару моладзі, адкрытых Коласам. Само жыццё «паўтарала», тыпізавала лёсы і паводзіны сялянскіх сыноў. Колас заклікаў моладзь да ведаў, «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Сапраўдную навуку, лічыць ягоны герой Сцёпка, можна пазнаць толькі ў горадзе. Падрыхтаваўшыся сам, Сцёпка едзе вучыцца ў Мінск. Калюгаў жа герой, выпускнік сямігодкі, вырашае ісці іншым шляхам: застаецца на вёсцы, мяркуючы, што «за гаспадарства шчыра возьмецца, але й кнігі не выпусціць з рук». Юнак спадзяецца заняцца ў вольную хвіліну самападрыхтоўкай, маючы ўзор для пераймання — «Мон университеты» М. Горкага. Сябры Хвядоса ўсе, як адзін, выбіраюць сабе іншы шлях: хто хоча падацца ў настаўнікі, хто — у каморнікі, меліяратары. Рашэнне застацца ў роднай вёсцы абумоўлена перш за ўсё тым, што дома пакінуць няма каго. Але не менш важна тут і тое, што мілы яму «родны кут — бацькава хата». Да таго ж прымешваецца яшчэ і голас свядомага грамадзяніна: «А хто зямлю капаць будзе? Хто без вас застанецца хлеб рабіць?», — спрачаецца ён у думках з сябрамі. Але з цягам часу пачынае трывожыцца Хвядос, што гэта праца «ўвесь час глыне, нельга будзе кніжку ў рукі ўзяць, газету час ад часу прагледзець. Маладыя гады яго марна загінуць. Нічога ён не будзе ведаць на свеце, не будзе ведаць. Ноччу піліпаўскаю павісне цемра над ім. «Што ён ведае?! Над чым вярэдзіцца яго кудлатая мужычая галава?» — будуць думаць чужыя яму і яго ўкладу жыцця людзі аб ім. За стоптаны падносак будуць яны яго мець. Стане сваё будучае жыццё меркаваць — і жаласна зробіцца, ценжар успадзе». Гэтыя шчырыя роздумы героя на адзіноце з самім сабой вельмі важныя для разумення сапраўдных памкненняў і жаданняў Хвядоса. Не гэтак зямля, як кніга вабіць юнака. Больш ахвотна ўдзельнічае ён і ў пасяджэннях, на сходках, у спектаклях (майстар Хвядос ставіць песы). Палавінчатасць, мітусня паміж земляробчай працай і самаадукацыяй непазбежна спараджаюць унутраны канфлікт героя з самім сабой, што пранікнёна ўбачыў пісьменнік, хоць і не вельмі засяродзіў на ім увагу. Ды і знешне ён, гэты канфлікт, ужо пачынае праяўляцца, бо бацька не-не ды і зазлуецца на сына, што той валочыцца ў бібліятэку ці на рэпетыцыю, марнуе рабочы час. Пры бацьку юнак так і застаецца памагатым — «ні госць ні гаспадар», — як трапна акрэсліў яго месца і ролю на вёсцы аўтар. Хвядосу яшчэ належыць прыняць канчатковае рашэнне — быць гаспадаром або госцем на роднай зямлі. Увесь ход падзей падводзіць героя да думкі аб неабходнасці далейшай вучобы. Мабыць, у другой частцы аповесці, якая да нас не дайшла, Хвядоса чакаў такі ж лёс, што і коласаўскага Сцёпку або самога Калюгу — прататыпа Хвядоса. У дадзеным творы закранаецца паралельна і шэраг іншых праблем, вельмі важных для рэчаіснасці 1920-х гг. Так, напрыклад, рэальны ўклад камсамольцаў у жыццё вёскі бачыць ён хутчэй разбуральным, чым стваралыным. Апроч частых сходаў, пасяджэнняў ды спектакляў, яны не робяць нічога карыснага. Нават такая дробязная справа, як папраўка маста, і то не рухаецца з месца, аб ёй толькі спрачаюцца да ночы на сходах. Куды больш, чым канкрэтныя справы, цэніцца ўменне прыгожа, складна гаварыць. «Словагаварыльня», «слоўная гімнастыка», як трапна ахарактарызаваў частыя і бессэнсоўныя гаворкі камсамольцаў герой Я. Коласа Барута Сцяпан, затапіла сваім размахам патрэбныя справы і дзеянні. Многія старонкі аповесці «Ні госць, ні гаспадар», асабліва тыя, дзе паказваюцца працоўныя будні селяніна і малююцца карціны прыроды, асветлены лірычным пачуццём, уражваюць багаццем уяўленняў, здольнасцю аўтара да свежых і разнастайных назіранняў. Вось замалёўка таго, як выглядае агарод у час, калі «апала раса дажджавая»: «У градах агуркі гараць. Галоўкі капусты панямі сядзяць, бы ў пярыне, у шырокіх лапушыстых лістох знізу. Гарбузнік адзін-адным далёка выкаціўся з град на скошаных паўмежках, адзінока павыстаўляў на пякучае сонца свае шурпатыя лісты» (112). Падобных прыгожых паэтычных малюнкаў, рознакаляровых, адухоўленых чалавечым пачуццём, у Калюгі багата. Разам з тым аповесці крыху не стае дынамічнасці дзеяння, шкодзіць празмерная апісальнасць, зацягнутасць некаторых сцэн. Ёсць і «наіўнасць», аб якой пісаў Алесь Адамовіч як аб неадемнай якасці «юнацкай аповесці». Аднак у дадзеным выпадку гэта якраз тая «наіўнасць прастаты, непасрэднасці», якая «можа падабацца чытачу любога ўзросту», наіўнасць, якая мяжуе з мудрасцю. Недарэмна ж Максім Гарэцкі лічыў зяўленне аповесці «Ні госць, ні гаспадар» выдатнай падзеяй у беларускай літаратуры.

Выказаўшы трывогу і занепакоенасць станам сучаснага яму грамадства, зяўленнем у ім «ні госця, ні гаспадара», Калюга адыходзіць ад сучаснасці і звяртаецца да мінулага беларускага народа. 1929 год знамянальны ў яго творчасці зяўленнем цыкла гумарыстычных апавяданняў — «Трахім — штучны чалавек», «Іллюк — даследчык», «Як Міхалюку Баркаўцы даліся ў знакі», «Тахвілін швагер», увага ў якім засяроджана на крыху нязвыклых для беларускай літаратуры баках існавання чалавека вёскі дарэвалюцыйнага часу. Нячаста трапляў у поле зроку беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, раўнівы селянін. Калюга ж з гумарам апавядае якраз пра такога героя, апанаванага пакутнымі здагадкамі аб жончынай здрадзе («Іллюк — даследчык»). У цэнтры апавядання «Трахім — штучны чалавек» — селянін-дзівак, які «паквапіўся на сабе практыку зняць, ці добра будзе тое, што людзям раіў». А раіў ён, што трэба «работу ад першага дня кідаць рабіць і памаленьку патроху адвыкаць есці». Вынік такога эксперыменту вядомы. Апавяданне на першы погляд не прэтэндуе «на вялікую «мысліцельную» глыбіню», аднак пытанні, якія задае Трахім сабе і іншым, не такія ўжо і наіўныя: «Што ж чалавеку іншае трэба, калі не яда і ежа? Дзеля чаго чалавек працуе так цяжка, калі не для таго, каб кішку напхаць і сякую-такую рызу налажыць на сябе ад холаду і ад людзей?». Пытанне гэта не рытарычнае, яно — спроба зразумець сапраўдны сэнс чалавечага жыцця, бессэнсоўнасць тэзіса «мы жывём дзеля таго, каб есці». За ім — адмаўленне бездухоўнасці. Апавяданне «Тахвілін швагер» уяўляе сабой уступ да аповесці «Нядоля Заблоцкіх». Гэтыя два творы маюць агульных герояў — Юстапа Заблоцкага, яго малога сына Савосту, жонку Прузыну. Дзеянне адбываецца ў той жа вёсцы Баркаўцы. Цікавае гэтае апавяданне перш за ўсё пільнай увагай да мінулага свайго народа, да разнастайных праяўленняў яго светаадчування. Пісьменнік шырока ўключае ў мастацкую тканіну апавядання народныя прыкметы, звычаі, легенды, забабоны, «бабчына казалы», якія былі чужымі творам маладнякоўцаў, з іх прыгодніцтвам і неверагоднымі здарэннямі, з героямі — барацьбітамі за лепшую будучыню. Для Калюгі ж усё «забабоннае», звязанае са светаадчуваннем народа, яго душой, мела вялікае значэнне.

Пішучы ў 1931 г. аповесць «Нядоля Заблоцкіх» пра дакастрычніцкае жыццё сялянства, аўтар не мог не думаць пра сучаснасць. Уласна, дзеля больш глыбокага спасціжэння праблем сучаснасці пісаліся і яго апавяданні, нябачнымі, але моцнымі сувязямі звязаныя з сучасным празаіку жыццём. «Нядоля Заблоцкіх» працягвала развіваць і паглыбляла многія праблемы аповесці «Ні госць, ні гаспадар»: даследавала тую ж праблему адчужэння ад народа выхадцаў з яго. Праз мінулае пісьменнік бачыў контуры будучага. Спрадвечнае сялянскае імкненне «выйсці ў паны» мелася некалі выліцца ў рэвалюцыю. I ўжо новыя паны, выхадцы з нізоў, яшчэ больш абыякава адхрышчваліся ад інтарэсаў народа, аддаляліся ад яго. Паказальна, што ў якасці эпіграфа да «Нядолі Заблоцкіх» аўтарам узяты словы «З даўнейшых «казалаў»: «Такі ж нешта робім? — Каб мы не ведалі, што мы робім, дык мо б не рабілі», у якіх выяўляецца самаўпэўненасць, перакананасць людзей у правільнасці таго, што яны робяць, нават самахвальства. Літаральна ўсе героі аповесці «хварэюць» такім самаадчуваннем. Толькі само жыццё парушае непахіснасць гэтых перакананняў, з-за якіх і сустракае іх нядоля. У цэнтры аповесці — гісторыя сямі Заблоцкіх. Пачынаецца яна з апавядання пра старога Заблоцкага, спрадвечнага гаспадара, старасвецкага чалавека Савэрына, пры якім «на ўсё парадак быў». Быў лад і дастатак у вялікай, шматлюднай сямі. Па яго ж смерці «рассыпаліся» Заблоцкія «як гарох на сто дарог, — хто куды віда». I дружнай сямі як і не было. Кожны з Заблоцкіх сустрэне сваю долю-нядолю на дарозе жыцця. Але кожны з іх пыхліва будзе лезці ўгору, хочучы сцвердзіць сваю адметнасць, сваю важкасць у гэтым жыцці: «Не было на іх росту: усе да аднаго аршын з шапкаю ўдаліся на вышкі. А ўсё цягнуліся ўгору, каб над усімі вышэй быць, каб адусюль іх бачылі», — такую агульную жартоўна-іранічную характарыстыку дае Калюга памкненням сваіх герояў у пачатку твора, якая для кожнага па-свойму будзе праўдзівай у ходзе развіцця сюжэта. Аповесць, як і апавяданне «Тахвілін швагер», пазначана вялікай увагай да народных паданняў, звычаяў, абрадаў. У творы моцна адчуваюцца адгалоскі мастацкага вопыту М. В. Гогаля, пісьменніка, якім вельмі захапляўся Калюга. Магутны фальклорны струмень, свежая крыніца народнай фантазіі родняць «Нядолю Заблоцкіх» са «Шляхціцам Завальняй, або Беларуссю ў фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Твор апошняга вырастаў непасрэдна з вуснай народнай творчасці, меў на мэце збор і пісьменніцкае афармленне пачутага ў самабытнае мастацкае цэлае. Калюга выкарыстоўвае народную творчасць інакш — як мастак-філосаф, які хоча зразумець, што такое ёсць чалавек у гэтым свеце. Па задуме сваёй твор шырокага эпічнага гучання, «Нядоля Заблоцкіх» стаіць як бы ўбаку ад усяго напісанага беларускай літаратурай 20-х гадоў. Адметнасць аповесці не толькі ў філасафічнасці, у выкарыстанні элементаў міфалогіі. Нязвыклай для беларускай літаратуры таго часу была форма твора, жывая прысутнасць у яго апавядальнай плыні героя-апавядальніка, які, нібы экскурсавод, водзіць у падуладных яму часе і прасторы, знаёміць з персанажамі, дае ім жартаўлівыя ацэнкі. Як важную асаблівасць твора трэба адзначыць і фантастычнасць часу ў ім. Аповесць ярка выявіла гумарыстычны бок таленту Калюгі, яго схільнасць да народнай дасціпнасці і жарту. Багаты і разнастайны гумар робіць больш маляўнічай і поліфанічнай мастацкую фразу твора. Арсенал моўных сродкаў камізму тут даволі шырокі і стракаты. Гэта — і каламбуры, і параўнанні, і метафары, і перыфраз. Фарбы смеху, якія выбірае празаік пры абмалёўцы сваіх герояў, у асноўным цёплыя, сардэчныя, хоць час ад часу і набываюць адценні асуджэння, насмешкі.

Багаццем інтанацый (ад вясёлых, гумарыстычных да сурёзных, іранічных), метафарычнасцю мовы, прысутнасцю ў ёй аўтарскага голасу, скандэнсавана афарыстычным стылем блізкая да аповесці Нядоля Заблоцкіх навела «Цеснаватая куртачка» (1932). У цэнтры навелы — прадстаўнікі вясковай моладзі камсамолка Волька Лысаковічаўна і каваль Адась Банькоўчык. Актывістка Волька імкнецца адпавядаць створанаму беларускім класікам Я. Коласам у аповесці «На прасторах жыцця» ўзору перадавой дзяўчыны. «Яшчэ ў тым вяку была Волька, што хацелася ёй без канца і без мэты далей у навуцы ісці», — гаворыць Калюга пра сваю гераіню. Волька збіраецца паступаць у педтэхнікум і заклікае свайго каханага падавацца на рабфак. Аднак не паступіць «непаваротны, цельпукаваты Адась Банькоўчык — акурат традыцыйны герой беларускай літаратуры» — на рабфак. Падвядзе яго бесклапотны, без усялякіх высокіх памкненняў «утрапёны чалавек» Антось Драніцкі, павёзшы (абы выпіць) у сваты, дзе ён згубіць камандзіроўку і грошай сорак рублёў. Нехаця, з-за скупасці («Ужо, каб вяселле раскідаць, трэ было ўтратнае вярнуць») жэніцца Адась. Не на Вольцы, на чужой, «мажной Міхаліне». Навела вызначаецца глыбокім псіхалагізмам, сведчыць аб узросшым майстэрстве празаіка як па лініі пабудовы сюжэта, так і ў абмалёўцы характараў. Максімальную ідэйную нагрузку нясе тут знойдзеная ім трапная мастацкая дэталь. Значнымі мастацкімі дэталямі ў кантэксце навелы зяўляюцца цеснаватая куртачка, з якой вырасла дзяўчына, і гарадское паліто, у якім яна, высокая, стройная, на зайздрасць усім вяскоўцам, ішла завеянай снегам вуліцай. Горад, які вабіў Вольку сваім бляскам і новым, шырэйшым і прастарнейшым жыццём, адарваў дзяўчыну ад зямлі, ад родных каранёў. «У гарадскім паліце ішла цяпер Лысаковічаўна. Пазіраў Алесь ёй услед. I шкада зрабілася Банькоўчыку тае цеснаватае куртачкі, шкода ўсяго, што было ды мінулася». Разам з Адасёвым смуткам улоўліваецца тут і аўтарскі смутак аб тым, што перацягвае горад у свае абдымкі пісьменных і разумных вясковых жыхароў.

Апошнім творам, напісаным на волі, была навела «Вам знаёмае» (1932). Абвінавачванні, якія пасыпаліся на галаву Калюгі пасля зяўлення першай часткі «Нядолі Заблоцкіх», а затым «Цеснаватай куртачкі», прымусілі пісьменніка пакінуць уласцівы ягонаму мастацкаму пісьму востры жарт, досціп, іронію і пачаць пісаць інакш, без падтэксту, мастацкі малюнак замяняючы плакатам. Але замест плаката зноў атрымліваецца таленавіты твор, дзе проста, па-пушкінску лаканічна і стрымана расказана гісторыя растання і выпадковай сустрэчы маладых, паміж якімі пачало квітнець каханне.

У пачатку 30-х гадоў Калюга плённа працуе і на ніве перакладу. Яму належыць пераклад рамана Ю. Алешы «Зайздрасць» (1931). Разам з Кузьмой Чорным ён пераклаў з украінскай мовы аповесць П. Панча «Блакітныя эшалоны» (1931). З асаблівай любоўю рабіў ён пераклад папулярнага рамана Я. Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» (1932). Калюгу, які таксама пранікнёна бачыў у жыцці камічныя бакі, вельмі імпанаваў твор чэшскага празаіка.

З твораў, напісаных ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, дайшлі да нас няскончаныя Калюгавы аповесці — «Дзе косці мелюць», «Зэнка малы ніколі не быў», «Зоры вам вядомага горада» і раман «Пустадомкі».

Назва аповесці «Дзе косці мелюць» навеяна, безумоўна ж, лагернай доляй пісьменніка. Ды і самы пачатак твора выяўляе глыбокую сувязь з тагачасным станам яго душы, яго філасофіяй падзей і часу. Месцамі ўрыўкі аповесці «Дзе косці мелюць» нагадваюць накіды ў запісной кніжцы, створаны як бы ў вялікай спешцы, няроўна, разарвана. Гэта і не дзіўна, бо зразумела, у якіх умовах узнікаў твор. Пачынаў Калюга пісаць свае «творы з-за крат» яшчэ ў мінскай турме, а працягваў у сібірскай высылцы. Жорсткая, страшная пісьменніку сучаснасць і поўная надзей і паэзіі мінуўшчына горка пераплятаюцца літаральна ў кожным з гэтых твораў. Туга па любай сэрцу Беларусі, па растаптаных, а некалі яркіх марах перапаўняе ледзь не кожную іх старонку. У цэнтры аповесці «Дзе косці мелюць» — навучэнцы і настаўнікі гарадскога вучылішча. Аднастайна, нецікава праходзяць у вучылішчы ўрокі роднай мужыцкім дзецям крыўскай мовы, бо вядзе яе настаўніца М. В., што не любіць і не ведае яе. Але вось у Грукаціцкае гарадское прысылаюць прыгожую, зусім маладзенькую настаўніцу, захопленую сваім прадметам, — і адносіны вучняў да роднай мовы адразу мяняюцца. I «сваё тое роднае» адразу сапраўды стала сваім, азарылася святлом сапраўднай паэзіі. З гумарам расказана ў аповесці пра вучняў «другога раздуранага класа», іх рашэнне адсвяткаваць дзень святога гультая, з псіхалагізмам выпісаны некаторыя чалавечыя характары (настаўніцы-пападзянкі М. В., інспектара Віруты і вучня Давыда), аднак аб глыбокім спасціжэнні чалавечых характараў у гэтым творы па прычыне яго незавершанасці гаварыць не даводзіцца.

Назва дзіцячай аповесці «Зэнка малы ніколі не быў», гэтак жа, як і аповесці «Дзе косці мелюць», шмат у чым таксама сімвалічная. Не дзіцячая, але наіўная думка хлапчука аб тым, што ён ніколі не быў малым, паспрыяла зяўленню гэтай назвы. Іншы, больш глыбокі сэнс укладвае ў яе аўтар: маленства і дзяцінства атрымалася непаўнацэнным, дэфармаваным у варяцкім, дябальскім свеце 30-х гадоў, калі распальванне варожасці паміж бацькамі і дзецьмі прыкрывалася ідэяй класавай барацьбы. У аповесці ёсць сцэна, калі малы сын даносіць на бацьку, што ён з абагульненае нівы сваёй карове ўночы мяшок канюшыны прынёс. Бацьку пагналі, а маці і сына выгнала за парог. Калюга ўважліва прасочвае шлях свайго маленькага героя да сталасці, выяўляючы пры гэтым дасканалае веданне псіхалогіі маленства. Ён акцэнтуе ўвагу на тым, як паступова прыроджанае ў юным чалавеку перайначваецца пад уплывам існуючага ў грамадстве мікраклімату. На звычайнае прывітанне «Памажы, божа!» нават дзеля ветласці не адказвае Зэнка дзяўчыне, якая да таго ж яму вельмі падабаецца. Становішча абавязвае яго рабіць так: юнак рыхтуецца стаць камсамольцам. Нават у звычайнай суседскай узаемадапамозе бачыць ён цяпер эксплуатацыю, прапануе Марылі, што некалі дапамагала Варонічам, напісаць пра тое, як яе Варонічы эксплуатавалі, а цяпер як яна рада, што няма іхняга варожага класа больш у Далідавічах (Варонічаў выслалі як кулакоў). Аповесць паказвае жыццё сялянства на тым пераломным этапе, калі ўжо не толькі пачалі «заганяць у калгас», але і былі распачаты масавыя ссылкі сапраўдных гаспадароў — «даматураў» — у далёкую Сібір. Ніякага спачування нельга было прачытаць на Зэнкавым твары, калі высылалі яго суседзяў — Варонічаў. Юнак лічыў, што ўсё робіцца справядліва. Калюга ўдумліва ўглядваецца ў тое, што стаіць за такім пунктам погляду. Давер да ўлады? Абыякавасць? Выгадна так лічыць, не разбірацца ў нечай невіноўнасці? У нейкай меры так. Але ж у канчатковым выніку гэтая «выгада» абарочваецца супраць кожнага, у тым ліку і самога Зэнкі, бо абыякаваць параджае абыякавасць. Гэтак жа раўнадушна абыходзіцца з Зэнкам старшыня Пярун Рыжы, помсцячы за карыкатуру ў газеце. Ён упісвае ў графу анкеты аб былым сацыяльным становішчы Зэнкавых бацькоў вызначэнне «заможныя сераднякі», што магло азначаць ажно высылку ў Сібір. Вестка аб высылцы не замарудзіла прыйсці ў Зэнкаў дом. I толькі цяпер малады хлапец упершыню задумваецца над драматызмам жыцця, над уласнымі ўчынкамі. Аповесць багата цудоўньші пейзажнымі замалёўкамі, пададзенымі вачыма хлопчыка Зэнкі, якія запамінаюцца тонкай лірычнасцю.

У будучыя творы Лукаша Калюгі абяцалі шырока ўвайсці элементы фантастыкі. Аб гэтым сведчыць і напісаная ў няволі аповесць «Зоры вам вядомага горада». Гэта твор на «гарадскую» тэматыку. Аповесць з рамантычнай назвай «Зоры вам вядомага горада» прысвечана жыццю творчай моладзі, будучых мастакоў. Праблемы творчай свабоды, праўдзівасці мастацтва, пратэсту супраць дыктату ў мастацтве — галоўныя ў ёй. Цэнтральны герой твора — студэнт мастацкага вучылішча Алесь Сітнік — не хоча пісаць так, як ад яго патрабуюць на сходах, дзе бясконца «гаварылася пра рэалізм, які зацверджаны і прыняты для кіраўніцтва». На гэтым шляху сустракае шмат перашкод і вырашае забраць дакументы з апошняга курса. Жыццё ў горадзе паспела сапсаваць юнака. Выхадзец з вёскі, ён ужо звысоку глядзіць на яе, саромеецца сваёй маці, баіцца, каб сябры не здагадаліся, што «тая абшарпаная жанчына», што прыйшла да яго ў інтэрнат, — яго маці.

Найбольш буйным і найбольш цэласным у плане сюжэтнай пабудовы творам з напісанага Калюгам за кратамі зяўляецца раман «Пустадомкі». Пісьменнік пазначае час і месца стварэння рамана: «Красавік 1933 — ліпень 1935 г., сутарэнне ў Менску — у Ірбіце на выгнанні». Раман малюе жыццё беларускай вёскі і горада ў пачатку 30-х гадоў. Час калектывізацыі. Вёска жыве напружаным клопатным жыццём. На Вялікдзень яшчэ многія людзі едуць у царкву на ўсяночную. Але багата і такіх, хто бавіць час у народным доме, аддае перавагу спектаклям, чытанню газет. Насцярожвае, выклікае трывогу пачатак рамана, які намякае на драматычны лёс Чугаеўскіх. Трывога, якая ўзнікае з недагаворанасці пра тое, што калі б цыганка паваражыла, то героі яшчэ тады б убачылі свой пусты канец, паступова будзе ўзрастаць у творы, нагнятацца. Пазней у сюжэце рамана зявіцца яшчэ адзін сімвал бяды — залом каласкоў на полі Чугаеўскіх. Прыкладаў сюжэтнай сімволікі ў рамане Калюгі, як і ў іншых творах, багата. I героі самі «чытаюць» свой лёс па прыкметах. Пустадомкі... Спачатку гэты вобраз мае даволі вузкі сэнс — людзі, якія не маюць гаспадаркі. «Пустадомкамі» адчуваюць сябе ў горадзе інтэлігенты, выхадцы з сялян, што не вельмі прыжыліся ў горадзе. Слову «пустадомкі» супрацьпастаўляецца слова «даматуры» — гаспадарлівыя людзі, людзі, якія маюць сваю гаспадарку. Паступова паняцце «пустадомкі» набывае ўсё больш шырокі сэнс. Многа кулакоў нарабілі ў краіне, іх ссылаюць — яны «пустадомкі». «Пустадомкі» — выгнаныя ў далёкую Сібір або тыя, што трапілі ў турму пісьменнікі (у тым ліку і сам Калюга), абяўленыя «ворагамі народа». «Пустадомкі» — бяздомныя, беспрытульныя, усе «людзі кручаных дзён». У рамане добра апісана знаёмае Калюгу па нядаўнім жыцці літаратурнае асяроддзе, з якога ён быў так жорстка вырваны, дадзена іранічнае асэнсаванне тагачасных патрабаванняў да паэта і паэзіі. Праблемы характару і абставін, прыстасавальніцтва і бескампраміснасці, знішчэння чалавека-гаспадара — цэнтральныя ў рамане.

калюга проза пісьменник творчасць


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Драздова З.У. Лукаш Калюга // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 690-710.

2. Лукаш Калюга Творы / Лукаш Калюга - Мн., 1992.

3. Адамовіч А. Культура творчасці / Адамовіч А. - Мн., 1959.

1. Лаўшук С.С. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2./ Лаўшук С.С. - Мн., 1999.

Скачать архив с текстом документа