Эстэтычныя пошукі ў сучаснай беларускай лiтаратуры

СОДЕРЖАНИЕ: Неаавангардныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай лiтаратуры. Паэзія Зм. Вішнёва і В. Жыбуля. Апісанне навакольнай рэчаіснасці праз тэхнізаваную свядомасць. Спробы літаратараў спалучыць літаратуру з іншымі відамі мастацтва. Пытанне пра постмадэрн.

Эстэтычныя пошукі ў сучаснай беларускай лiтаратуры

1. Неаавангардныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай лiтаратуры

Развіццё сучаснай беларускай літаратуры вызначаецца ўзаемаперасячэннем разнастайных эстэтычных пошукаў, тэндэнцый. Пры аналізе сучаснага літаратурнага працэсу можна заўважыць увесь комплекс праблем, што быў напрацаваны класічным еўрапейскім мадэрнізмам, беларускі варыянт якога не быў рэалізаваны ў пачатку дваццатага стагоддзя па сумнавядомых пазалітаратурных прычынах.

Падобная сітуацыя эстэтычнай “недапраяўленасці” мадэрнісцкіх мастацкіх практык склалася, акрамя беларускай, і ва ўкраінскай літаратуры, а таму, на думку Уладзіміра Ешкілева, у сучаснай украінскай літаратуры мэтазгода вылучаць асобны мастацкі дыскурс, пазначаны тэрмінам “неамадэрнізм” [1]. У навуковай літаратуры пераходны перыяд да эпохі постмадэрну пазначаюць тэрмінам “неаавангард” [2, с. 43].

Літаратурнае аб’яднанне “Бум-Бам-Літ” (менеджэр – Зм. Вiш-нёў, “хросны бацька” – філосаф і культуролаг В. Акудовіч), куды ўваходзілі І. Сін, В. Жыбуль, Ю. Барысевіч, А. Бахарэвіч, А. Ту-ровіч, С. Мінскевіч, В. Гапеева (на момант расколу – 30 творцаў) вылучылася наватарскімі пошукамі ў галіне зместу і формы твораў і даволі эпатажнымі паводзінамі. Удзельнікі абяднання абвясцілі вайну састарэлым традыцыям у нацыянальнай літаратуры. Авангард увогуле “…немагчымы без актыўных мастацкіх “антыпаводзін”, без скандалу і эпатажу” [3, с.13], які ўспрымаецца ў якасці “камунікатыўнага пратэсту супраць існуючага стану рэчаў” [4, с.13].

На думку М. Шчура, “Бум-Бам-Літ” у супрацьвагу амерыканскай контркультуры, хоць і запознена, “…нарадзіў беларускі контркультурны авангард” [5, с.430]. Ю. Барысевіч сцвярджае, што бумбамлітаўцы працягвалі лінгвістычныя эксперыменты еўрапейскіх літаратараў сярэдзіны 20 стагоддзя. Гэтыя эксперыменты “Бум-Бам-Літа” крытык называе “усходнееўрапейскім трансавангардам” [6, с.15]. Даволі эпатажнымі ўспрымаліся некаторыя тэатралiзаваныя акцыі “Бум-Бам-Лiта”. Аб’яднанне шукала новыя формы выяўлення ўласнай творчасцi: перформанс, спалучэнне дэкламавання тэкстаў з тэатралiзаванай дзеяй i iнш. С. Мінскевіч піша: “На Беларусі бумбамлітаўцы чыталі вершы птушкам, дрэвам, рыбам, дамам і сметнікам; стваралі тэксты для фізіялагічнага ўспрымання – скурай, страўнікам, пячонкай, ныркамі; развешвалі на сабе гірлянды акуляраў, каб бачылі тэкст не толькі вочы, але і клеткі цела; на ссовах мыслення будавалі шызарэалістычную літаратуру; распрацоўвалі гіперсюррэалістычнае АЎТАпісьмо, што палягае на бінарных узаемаўплывах кампутар-чалавек...” [7, с. 127] Тэарэтычнае абгрунтаванне падобнай практыкі – у тэкстах Ю. Барысевіча “Цела і тэкст”, “Кароткая гісторыя “Бум-Бам-Літа”. Гэтыя навацыі вельмі неадназначна ўспрымаліся пісьменнікамі старэйшай генерацыі: “Але паступова дзейнасць неардынарнай суполкі ператварылася ў масовачны, напаўэстрадна-кітчавы (перформансны) эпатаж” [8, с.16]. Імідж “скандаліста” і галоўнага “афрыканізатара” Беларусі стварыў сабе Зм. Вішнёў, А. Бахарэвіч прыўнёс у беларускую літаратуру панкавую стылістыку.

Відавочныя тыпалагічныя сыходжанні з авангарднымі напрамкамі мастацтва выяўляе паэзія Зм. Вішнёва і В. Жыбуля, В. Бурлак, С. Мінскевіча, В. Гапеевай, А. Бахарэвіча. Так, “сувязь з лепшымі традыцыямі дадаізму і сюррэалізму можна заўва-жыць у паэтычных тэкстах Зм. Вішнёва” [4, с.13]. Зм. Вішнёў (1975 г.н.) – адзін з найбольш актыўных удзельнікаў літаратур-ных суполак “Бум-Бам-Лiт” і “SCHERZWERK”. Выдаў зборнікі: “Штабкавы тамтам”, “Тамбурны маскіт”, “Трам для сусліка альбо некрафілічнае даследаванне аднаго віда грызуноў”, “Верыфікацыя нараджэння”, “Фараон у запарку”. Трэба заўважыць, што гэта адзін з самых вядомых на Захадзе беларускіх пісьменнікаў. Ён – пастаянны ўдзельнік шматлікіх літаратурных імпрэзаў у Еўропе. У 2006 годзе на фестывалі паэзіі ў Славеніі атрымаў першую прэмію. Яго творы шмат перакладаюцца на іншыя еўрапейскія мовы.

Зм. Вішнёў спрабуе разбурыць семантычны ўзровень мовы: словы ў яго вершах паздзяляюцца на асобныя выгукі і склады, яны абсалютна губляюць сэнс:

І наогул. І таму. І пляваць. І не трэба. І ўсё

І я! Эх. І каламбур. І куралес.І о.І аІ і І-і-і-і-і-і!!! [9, с. 38]

( “Іхтыязаўр”)

Лятуць самалёты як нехлямыжнікі

Да хвастатых аблачынак

У бок паднябеснай вежы дзе

Адлюстроўваецца сум ветра

Паветра раветра суметра куветра

Наветра леветра неветра зіветра

Муветра хаветра жаветра

Шы-ве-тра [10, с. 54]

(“У маіх руках чорная пячатка…”).

Страфа (драфа) вылятае ў моўкную кадасу (барадасу).

Блішчаць залатыя дыскі (міскі) і рабінавыя вочы (аднойчы).

Чалавек (чабурэк), змазаны вапнай, упаў у сажу (лажу).

Танкі (тапкі, папкі) прарыкалі ў бок Вашынгтона (…дона).

Аднавокая варона і я (у кароне) сядзелі на правадах (абадах) [9, с. 42]

( “Слупавы востраў”)

Такая ўстаноўка была прадэкламавана Зм. Вішнёвым яшчэ на самым пачатку творчасці:

– Таварышы! Істэрычна крычу я.

– Таварышы! Я займаюся словаблудствам! [8, с. 16]

Сваё месца ў паэзіі Зм. Вішнёва займае і традыцыйная для авангарду “рэвалюцыйная” тэматыка. П. Васючэнка лічыць, што творчасць Зм. Вішнёва ў кантэксце традыцый беларускай літара-туры можна ахарактарызаваць як “антымаладнякізм” [11, с.7].

Трэба адзначыць, што самі “Бум-Бам-Літаўцы” адмаўляюць сваю спадчыннасць з сюррэалізмам і футурызмам. Ю. Барысевіч зазначае: “Гэта відавочна не так… Сюррэалізм грунтаваўся на класічным псіхааналізе, нас жа казкі Фрэйда ўжо не захаплялі. Мы імкнуліся разняволіць не індывідуальную падсвядомасць, а інтэрсуб’ектнае, інтэрстылістычнае мысленне. Што да паралеляў з футурызмам – мы недастаткова верылі ва ўсемагутнасць машыны (у тым ліку і камп’ютэра) і надта асцярожна ставіліся да таталітарных ідэалогій” [6, с.14].

Працягам авангарднай паэтыкі “Маладняка” бачацца паэтычныя тэксты В. Жыбуля (Н. Пазняк). Паказальна, што менавіта авангардныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры 20-х гадоў 20 стагоддзя – тэма навуковых пошукаў В. Жыбуля. У сваіх творах паэт спрабуе спалучыць хімічныя, біялагічныя, матэматычныя і фізічныя паняцці. У вершах В. Жыбуля яны паўстаюць як своеасаблівы паэтычны свет. Працягвае В. Жыбуль і маладнякоўскае “апяванне завадскіх гудкоў і фабрычных труб, сталёвага грукату варштатаў і будаўнічых рыштаванняў” [12, с. 282], распачатае ў дваццатыя гады цыклам “Горад” А. Дудара:

Снегапад шыракападшыпнікаў

дыстыляцыяй абдае.

Разгойдваецца

зямля пад шыбеннікамі,

пазначанымі А, Б, В, Г, Д, Е.

Адкрый для сябе гэты бразгат

сцяны аб бітон з малаком.

Пачуй гідраўлічную казку

аб інтымным жыцці малаткоў

і цвікоў [13, с. 39].

(“Напільнікі”)

Нават апісанні навакольнай рэчаіснасці пададзены праз “тэхнізаваную” свядомасць, адлюстроўваюць вынікі “перамогі” над прыродай:

семікутныя танклявыя лісты

пракалыханыя наскрозь

прапітаныя заквасаванай салетрай

раз’едзеныя мыш’яком

падрапаны пазногцямі вятроў

асыпаюцца

на жоўты цэлулоідны дах [13, с.77].

(“Семікутныя пажоўклыя лісты…”)

Як піша Ю. Барысевіч, В. Жыбуль свае “тэхнізаваныя” вершы раіць пазначаць тэрмінам “тэхнарамантызм” [6, с.23].

Працягвае В. Жыбуль і традыцыі маладнякоўскай урбаністычнай паэзіі.

Паказальным для авангардызму з’яўляецца так званы “аўтарскі эгацэнтрызм” і Зм. Вішнёва і В. Жыбуля: вершы Зм. Вішнёва, “Я”, “Я зноў”, “Я – Вішнёў-ля кіпарыса…”, “Я паўлін-маўлін…”, “Я сустракаюся…”, Я пускаю бурбалкі…” і інш.. У В. Жыбуля: “Пуп неба”, “Як захачу – у іншы бок...”, “Я і час”, “Я звышманументальны”, “Нірвана” і інш.

З мадэрнізмам творы А. Бахарэвіча, В. Жыбуля, В. Гапеевай яднае таксама глыбокі песімізм, меланхалічнае светаадчуванне. У В. Жыбуля “свет паўстае то “пасткай”, дзе вымушаны атабарыцца людзі (верш “Пастка”), то “вечным жыццём ля крывога люстэрка”, што дэфармуе нашу свядомасць (верш “Крываслеп”), то ўвогуле жыццём, якое перастала развівацца ў часавай паслядоўнасці, нараджаючы “тых, для каго спыніўся не гадзіннік, а час” (верш “Калі спыняецца гадзіннік…”) [4, с.13].

Неавангардныя тэндэнцыі ў прозе найбольш выразна наглядаюцца ў творах І. Сіна, В. Гапеевай, А. Бахарэвіча. Як сведчыць сам І. Сін, значны ўплыў на яго сталенне мела творчасць аднаго з ідэолагаў сюррэалізму Антанэна Арто. “Адзін з найвялікшых і адораных тапографаў розуму ў яго крайніх праявах” [14, с.247], А. Арто здолеў “апярэдзіць час і прадказаць тэмы, што зробяцца амаль “кананічнымі” напрыканцы дваццатага стагоддзя: ціка-васць да ізатэрыкі і ўсходніх рэлігій” [4, с.13], апісанне памежных станаў чалавечай псіхікі, “хворай свядомасці”, якая ад-люстроўвае шызафрэнічны распад быцця. Гэтыя тэмы цікавяць і І. Сіна.

Адзін з пачынальнікаў еўрапейскага “тэатра абсурду” Арцюр Адамаў, мяркуе што вынайдзены А. Арто “Тэатр жорсткасці” надаў тэатру новае жыццё, дзе “…жорсткасць стала месцам сустрэчы чалавека з законамі Сусвету” [14, с. 239]. Гэты ж тэзіс пакладзены ў аснову тэатралізаваных дзеяў (перфомансаў І. Сіна), які стварыў уласны “Тэатр псіхічнай неўраўнаважанасці”.

Як мяркуе Г. Кісліцына, стылістычнае падабенства проза І. Сіна выяўляе і з французскім “новым раманам”, у прыватнасці з тэкстамі Алана Роб-Грые, найбольш, з раманам “У лабірынце”: [15, с.100]. У апавяданні І. Сіна “Альдаір” “... апісанне блізкага кола рэчаў, прадметаў, і пахаў становіцца больш істотным, чым уласна нарацыя” [15, с.100], ствараючы сітуацыю так званага “шазізму”. “Шызааналіз”, “машына жаданняў” – тэрміны філосафаў-постмадэрністаў Ж. Дэлёза і Ф. Гватары. Трэба сказаць, што названы твор І. Сіна добра ўпісваецца і ў постмадэрнісцкую мастацкую парадыгму, пра што гаворка пойдзе ніжэй. Творы І. Сіна вызначаюцца адсутнасцю часавай паслядоўнасці, “навязлівай асацыятыўнасцю, падпарадкаванай суб’ектыўнай нелінейнай логіцы. Мадэрнісцкая “плынь свядомасці”, найбольш поўна праяўленая ў беларускай літаратуры ў творчасці К. Чорнага, мадыфікуецца ў прозе І. Сіна ў своеасаблівыя “псіхаграмы”, дзе цяжка вылучыць пэўнае праблемна-тэматычнае адзінства” [4, с.13].

Як неаавангардную з’яву можна лічыць спробы некаторых беларускіх літаратараў спалучыць літаратуру з іншымі відамі мастацтва (мастацкая інсталяцыя, перформанс, флэшмоб). Напачатку 20 стагоддзя гэта спрабавалі рабіць сюррэалісты, эксперыменты якіх працягнула праз наладжванне мастацкіх акцый і хэпінінгаў “контркультура”. Як лічыць Ю. Барысевіч, літара-турнае аб’яднанне “Бум-Бам-Літ” праз выкарыстанне розных эпатажных і мастацкіх дзеяў “...прымусіла прызнаць перформанс паўнавартасным літаратурным жанрам” [6, с.7]. Перформеры ствараюць мастацкую прастору, што накіравана, як і ў звычайным тэатры, на камунікатыўны кантакт з публікай і грамадствам.

На думку Ж.-Ф. Ліатара, авангардны працэс у мастацтве дваццатага стагоддзя трэба разглядаць як “нейкую “прапрацоўку” сучаснасцю свайго сэнсу” [16, с.58], а таму “запознены зварот беларускіх літаратараў да прыёмаў авангардызму можна лічыць пераходным перыядам да мастацкіх практык эпохі постмадэрну” [4, с.13].

беларускі лiтаратура сучасны постмадэрн

2. Пытанне пра постмадэрн у сучаснай беларускай літаратуры

Постмадэрн – дамiнуючая эстэтычная iдэя еўрапейскай культуры 60-90-х гадоў. Пачатак літаратурнага постмадэрнізму традыцыйна прынята звязваць з раманам Д. Джойса “Памінкі па Фінегану” (1939), але канчаткова постмадэрн як пануючая светапоглядная сістэма замацаваўся недзе на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Пытанне пра постмадэрнізм ў беларускай літаратуры застаецца спрэчным. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі, першым постмадэрнісцкім тэкстам у беларускай літаратуры з’яўляецца раман У. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

I. Л. Шаўлякова сцвярджае думку пра немагчымасць класiчнага постмадэрнiзму на беларускай глебе, “што абумоўлена як непрыняццем той жа “гульнi”, “iронii”, так i адмаўленнем татальнасцi негатыўнага пафасу, падкрэсленай увагай да нацыянальных аспектаў культуратворчасцi” [17, с.30]. Даследчыца выказвае перасцярогу адносна “перанасычанасцi сучаснага мастацтва тропамi ўвогуле i сiмваламi ў прыватнасцi”, што прыводзiць да iнфляцыi i нават разбурэння памяцi сiмвала, гаранта ўстойлiвасцi культурнага кантынууму.

В. Акудовіч лічыць, што “Бум-Бам-Лiт” – першая суполка ў сучасным лiтаратурным дыскурсе (i адзiная ў гiсторыi беларускай лiтаратуры), у аснову якой пакладзены эстэтычны прынцып, а менавiта – эстэтыка постмадэрна [18, с. 237]. Хаця, як паказала мастацкая практыка, пошукі «Бум-Бам-Літаўцаў» адбывалiся i ў авангардным, i ў андэрграўндным, i ў мадэрновым, i нават у традыцыйным дыскурсе. В. Булгакаў заўважае: “Для Акудовіча “Бум-Бам-Лiт” – гэта новыя мастацкія практыкі, сінкрэтычны акт эстэтычнага асваення сапраўднасці на сутыку авангарднай літаратуры, выяўленчага мастацтва і тэатральнага відовішча, творчы кангламерат унікальна адораных індывідаў” [19, с.18].

В. Акудовіч сцвярджае: “Постмадэрн праз творчыя практыкi «Бум-Бам-Лiта” рэальна ўключаў беларускую лiтаратуру ў агульнаеўрапейскi эстэтычны кантэкст. Калi папярэднiкi з некiм змагалiся, то “Бум-Бам-Лiт” нiчога мяняць не збiраўся, рэальна працаваў у агульным эстэтычным полi, натуральным для стану еўрапейскай культуры” [18, с.238].

Творчасць «Бум-Бам-Лiт» неадназначна, калі не сказаць адмоўна, успрымалася старэйшымі пісьменнікамі, паколькі яго ўдзельнікі адмежаваліся ад ідэалогіі нацыянальнага Адраджэння. Ю. Барысевіч піша: “Мы супраць таго, каб абмяжоўваць наша мысленне абшарамі колішняе Рэчы Паспалітай” [6, с.13], “лінгвістычныя эксперыменты постбеларускіх літаратараў можна ўпісаць у храналогію вызвалення еўрапейскай культуры ад вузканацыянальнага мыслення” [6, с.15]. В. Акудовіч заўважае: “Галоўны поспех “Бум-Бам-Лiта” палягае ў тым, што ён першы ў беларускай літаратуры прабіў “мёртвую шкарлупіну” ідэало-гіі нацыянальнага адраджэння (арыентаванага на каштоўнасці 19 ст.) і пераадолеў разрыў паміж нацыянальнай беларускай моладдзю і еўрапейскім культурным дыскурсам” [20, с.6]. Адсюль і адсутнасць у творах “Бум-Бам-Літаўцаў”, па словах Л. Галубовіча, “традыцыйнага нацыянальнага ныцця (хіба толькі іронія над ім)” [8, с.16]. Адзін з удзельнікаў абяднання, С. Мінскевіч зазначае: “Асабіста я сцвярджаю, што падобнага літабяднання яшчэ не было ў гісторыі літаратуры як беларускай, так і замежнай. Бо ў ім цалкам адлюстравалася сучасная яму сітуацыя постмадэрну: нічога і нікога нельга ўспрымаць найправільнейшым, найгалоўнейшым, найлепшым, найнашым” [21, с.144].

Г. Кісліцына мяркуе, што творчасць “Бум-Бам-Лiта” – гэта не постмадэрнізм, а мадэрнізм: “…маніфесты бум-бам-літаўцаў рухаюцца ў адваротным напрамку – ад постмадэрнісцкага абагаўлення Тэксту да мадэрнісцкага яго адмаўлення, якое выявілася ў мастацкай немаце” [22, с.134].

В. П. Рагойша прапануе лічыць “бумбамлітызм” асобным літаратурным напрамкам, які вылучае “пераасэнсаванне элементаў мінулай культуры, своеасаблівая гульня з агульнапрынятымі традыцыямі, свядомы сінтэз розных літаратурных узораў і розных відаў запазычанняў” [23, с.90].

Да Постмадэрна ў беларускай літаратуры можна аднесці творы В. Акудовіча, І. Бабкова (раман “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”, “Філасофія Яна Снядэцкага”), раман Зм. Вішнёва “Трап для сусліка, або некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў”, раман С. Балахонава “Імя грушы”, цыкл вершаў В. Булгакава “Супольна. Сумесна. Суцэльна”, аповесць “Правільны выбар”, “Аповед № 3” А. Дынько, творы Прафесара Каркарана, А. Хадановіча (“З чаго пачынаецца Жодзіна?”, “Калыханка для маладога літаратара”, “Альбы і сервенты”, “Выбраныя месцы з ліставання Івана Жахлівага і Н. К. Крупскай”), ЯнКаКупалы (“Сага пра Кліменкаў”, “Сага пра Пагоню”); “Здані і пачвары Беларусі” Ф. Хлуса, М. Юра, “Гісторыю савецкай беларускай літаратуры” К. Маркоўкіна, Паэзію І. Сідарука, “Дамавікамерон” А. Глобуса, “Апосталаў Нірваны” Ю. Гуменюка, “Эрагенную зону”, “Поўны керкешоз” В. Чаропкі, апавяданні і драматычныя абразкі Л. Вашко. У драматургіі – “Віта брэвіс, альбо Нагавіцы святога Георгія” і “Чорны квадрат” М. Клімковіча і М. Шайбака.

Досыць незвычайную пабудову мае твор Прафесара Каркарана “Кіно і немцы”. З аднаго боку, твор гэты ўяўляе сабой звычайную калекцыю слоў. З іншага, там знаходзім спасылкі на “Энеіду навыварат”, “Шляхціца Завальню”, “Гамлета”, “Мяне няма” В. Акудовіча, “З нататніка, адшуканага ў кішэні” Х. Картасара і інш. Ю. Пацюпа ў “Юрлівых санетах” робіць шмат рэальных зносак, папярэджваючы чытача пра тое, адкуль узяты правобразы.

Асобнае месца ў сучаснай беларускай паэзіі займае творчасць Міхася Баярына (кніга «Шалёны вертаградар», пазнейшыя паэмы). Паэт натуральна пачувае сябе ў прасторы сусветнай культуры, застаючыся пры гэтым беларускім.

Творам сучаснай беларускай літаратуры ўласціва так званая жанравая дыфузія, што адлюстроўвае імкненне да сінтэзу, узаемаўзбагачэння розных мастацкіх сістэм, плыняў, жанраў. Характаралагічнай якасцю літаратурных твораў 20 стагоддзя, асабліва постмадэрнісцкіх, з’яўляецца “шматузроўневая жанрава-стылёвая арганізацыя” (Е. Лявонава). Сучасныя творы спалучаюць у сабе “элітарнасць і масавасць, філасофскую насычанасць і займальнасць, навуковасць і мастацкасць, поліфанію стыляў і навуковых школ, розных жанраў – ад сярэднявечнай хронікі, дэтэктыва, гістарычнага рамана, тэалагічнага трактата, палітычнага трылера, філасофскай кнігі, антыўтопіі да “семіятычнага рамана”, усе вобразы якога маюць відавочны знакавы характар... [24, с.326-327].

Жанравая дыфузія ўласціва і раману “у дзесяці гісторыях з жыцця адважнага асветніка і энцыклапедыста Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў” І. Бабкова “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”. Галоўны герой рамана запісвае сны людзей 19 ст. Філасофская задума аўтара заключаецца ў наступным: “Раскласці разрозненыя сюжэты чалавечых жыццясноў так, каб яны прачытваліся як адна непадзельная гісторыя канкрэтнага чалавека альбо цэлага народу...” [25, с.102] У нейкім сэнсе раман І. Бабкова нагадвае “Хазарскі слоўнік” М. Павіча. Л. Галубовіч наступным чынам прачытвае гэты твор: “За якое імя ў гэтым постмадэрновым рамане не адгукніся, за якую сюжэтную вяровачку не пацягні, якую старонку ні “прыадчыні” – усё роўна патрапляеш у безвыходны лабірынт вечнага часу альбо часавай наканаванасці... Уся складанасць рамана заключаецца ў свядомым заблытванні і ператасоўванні вядомага” [25, с.102]. Сны Клакоцкага “спараджаюць толькі гульню разумных асацыяцый на спрадвечныя тэмы нацыянальнага беларускага жыцця ў яго праламленні скрозь прызму сучаснага інтэлектуальнага мыслення [25, с.103]. Раман І. Бабкова пабудаваны на эксплуатацыі беларускіх нацыянальных міфаў. У рамане “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” дзейнічаюць і “сыны крывіцкага народнага генія” А. Міцкевіч з Тодарам Дастаеўскім, і філаматы з філарэтамі, і паўстанцы з эмігрантамі. Твору І. Бабкова ўласціва і так званая постмадэрнісцкая іронія. Гісторыя жыцця Адама Клакоцкага – гэта посмадэрнісцкая пародыя на сусальныя біяграфіі культурных дзеячаў Беларусі 19 ст. І. Бабкоў звяртаецца да постмадэрнісцкага прыёму сумяшчэння аб’ектаў рэальнага і віртуальнага светаў, абыгрыванне межаў паміж светам рэальным і светам тэксту (С. Балахонаў). Сярод герояў кнігі – і Вацлаў Ластоўскі, і беларуская парашутыстка-дыверсантка Магдачка, і нямецкі філосаф М. Хайдэгер, і В. Акудовіч.

Той жа зварот да нашай нацыянальнай міфалогіі – у “Лістах да беларускага сябра” М. Баярына.

Раскол “Бум-Бам-Лiту” адбыўся 22 красавіка 1999 года. Утварыўся “SCHERZWERK” (“Шмерцверк”) (А. Бахарэвіч, І. Сін, Зм. Вішнёў, Ю. Барысевіч, В. Морт, В. Гапеева) і “Новы фронт мастацтваў” (друкаваны орган – часопіс “Nihil”). Г. Кісліцына мяркуе, што менавіта “маніфест “Nihil” стаўся першым постмадэрнісцкім маніфестам беларускай літаратуры” [26, с. 208]. Да-следчыца адзначае: “Нацыянальны – “ідэнтыфікацыйны” – нігілізм бумбамлітаўцаў, у якім, насамрэч, больш культурнай гульні, чым перакананняў, ужо ў хуткім часе быў перасягнуты маніфестам «Nihil» (2000). Адмаўленне нігілістаў выклікае ўжо не мінулае, а сучаснасць, якая страчвае сваю рэальнасць, падмяняючыся інфармацыйнай дадзенасцю сродкаў масавай інфармацыі. Беларускі «нігілізм» звернуты не супраць свету і чалавека, а супраць Сімуляцыі, якая, дзякуючы развіццю новых тэхналогій стала ўспрымацца як нешта тоеснае – прынамсі не менш значнае – жыццю. Увядзенне тэхнічных катэгорый мыслення ў культуру і жыццё грамадства змяніла не толькі лад мастацкай думкі, па-ступова ператвараючы чалавека ў разумную машыну, здольную адно толькі кантамінаваць чужыя цытаты, але і “пазвяло” ў розныя бакі “цела” і “душу”...” [26, с.208].

Сёння маладымі літаратарамі абвешчана пра нараджэнне Другога фронту мастацтваў (часопіс “Тэксты”, рэдактар Зм. Віш-нёў).

Адной з асноўных постмадэрнісцкіх катэгорый з’яўляецца катэгорыя “гульні”. Пісьменнік-постмадэрніст гуляе з літара-урнымі вобразамі і культурнымі кодамі, ідэалагічнымі сэнсамі і моўнымі стэрэатыпамі, жанрамі. В. Акудовіч характарызуе літаратуру постмадэрна як вербальна-інтэлегібельную нелінейную гульню як у прасторы традыцыйнага тэксту, так і ў гіперпрасторы тэкста віртуальнага [18, с.238].

У постмадэрнізме катэгорыя вербальнай гульні пашыраецца на ўсю прастору мастацкага тэксту. Паказальнае ў гэтыс сэнсе прызнанне А. Бахарэвіча адносна кнігі прозы “Ніякай літасці Валянціне Г.: “Ніколі не быў задаволены да канца тым, што пішу, але пасля гэтай кнігі я апынуўся на крок бліжэй да той літаратуры, якая ў маіх вачах адна і мае права называцца мастацтвам, – не атручанай аніякімі глабальнымі ідэямі, падначаленай стылю, а не сюжэту, заўсёды адкрытай для магічных гульняў словаў і сэнсаў...” [27, с.13]

Знікненнем падзейнасці і апеляцыяй да ўнутранага “я” вылучаецца раман В. Гапеевай “Рэканструкцыя неба”. Пісьменніца калекцыяніруе псіхалагічныя, сацыяльныя, сексуальныя ды іншыя комплексы беларускага грамадства. “…Раман у дэталях ці дэталь у рамане (патрэбнае падкрэсліць)” [28, с. 91] дэманструе ў тэксце сітуацыю незавершанасці і бясконцасці, якая можа суадносіцца з постмадэрнісцкай гульнёй сэнсамі, а можа ўспрымацца як “унутраная “афектаваная” гісторыя жанчыны” [29, с.27].

Гульнёвая постмадэрнісцкая іранічнасць вылучае лірычнага героя В. Жыбуля, што праяўляецца і ў пачуццях да каханай (верш “Астрафагія”), і ў апісанні рэчаў матэрыяльнага свету (“Лысыя чарапы талерак”) і прыродных з’яў. У вершах паэта спалучаюцца глыбокае асэнсаванне праблем сучаснасці з выразным гульнёвым пачаткам і іранічным светаўспрыманнем:

Мы – агрызкі на Дрэве Вечнасці

Што вырасце з нас, калі мы

паспадаем долу з хісткіх галінаў?

Што адбудзецца, калі мы пусцім

карэнне ўнутр саміх сябе? [13, с.64]

(“Храм падводнага сонца”)

Постмадэрнізму адпавядае праблемна-тэматычнае поле празаічных твораў І. Сіна, але, на думку Н. Пазняк, “абмежаванасць у гульнёвым пачатку і пастаянная ўвага да чалавечай экзістэнцыі не дазваляе адносіць іх да тыпова постмадэрнісцкіх тэкстаў”. Адна з вызначальных праблем кнігі І. Сіна “Нуль” – праблема спустошанасці, пустэчы, адсутнасці ў чалавецтва якой-небудзь перспектывы. Як лічыць І. С. Скарапанава, пустэча ў постмадэрнісцкім тэксце – гэта “…адсутнасць дэтэрмінаванага першапачатку, калі ўсё толькі нараджаецца і нічога яшчэ не нарадзілася” [30, с. 69].

Так, у апавяданні І. Сіна “Нуль” галоўны герой Антуан Ракатэн (тут відавочныя алюзіі на “Млосці” Ж. П. Сартра) бясконца падарожнічае па замкнёнаму колу ў цягніку метро, што ўвасабляе чалавечую безвыходнасць. З’яўленне безвыходнасці абумоўлена стратай чалавекам сваёй індывідуальнасці.

Апавяданне І. Сіна “Альдаір” ілюструе традыцыйную тэматыку постмадэрновай літаратуры, тэму мутацыі чалавека. Герой ператвараецца ў казюрку, якая хаваецца ў шчыліне падлогі ад паху металёвых кветак, якія “увасабляюць надыход тэхнагеннай эры дэгуманізаванага грамадства” [15, с. 100]. (Узгадваецца “Пераўтварэнні” Ф. Кафкі). У творы паўстае вобраз “дэгуманізаванага грамадства, выяўлены праз імітацыю навукападобнага дыскурсу падчас гаворкі Хірурга і Асістэнта, якія прэпаруюць цела жывога яшчэ героя. Апакаліптычныя малюнкі акаляючага свету не здольны сагрэць кволае цела Альдаіра і прыво-дзяць да высновы, якую можна акрэсліць праз словы: “Чалавек у выніку не болей за капрыз прыроды, а зусім не цэнтр сусвету”, якія належаць галандскаму даследчыку Даўвэ Факема – аднаму з тых, хто сфармуляваў прынцыпы постмадэрнісцкага светаўспрымання” [22, с. 142]. Трэба заўважыць, што “пластычная хірургія, мадэляванне целаў увогуле з’яўляецца любімай тэмай літаратуры постмадэрна, апантанай ідэяй пошукаў новай цялеснасці, якую трэба ўспрымаць як вынік бяссілля ідэалістычных канцэпцый, з аднаго боку, і бездухоўнасці матэрыялізму – з другога” [22, с. 143].

Постмадэрнісцкая тэма пластычнай хірургіі і мадыфікацыі чалавечага цела паўстае ў міні-утопіі І. Сіна “Нобелеўская лекцыя”, дзе апісваецца сакрэтны эксперэментальны завод па вытворчасці чалавечых органаў.

Штучны чалавек паўстае ў замалёўцы “ЫЫ-ММ”: “…У маіх грудзёх знайшлі надоечы пластыкавае сэрца. Яно перагрэлася і не працавала, але мама абяцала мне купіць новае, яшчэ лепшае. Адкаркаваўшы ўчора сваю галаву, я заўважыў у ёй цэлую плойму ліпкіх, бы цельцы кальмараў, думак. Выкінуўшы іх у сметніцу, я зразумеў прычыну паніжанасці свайго ціску” [31, с. 19].

Галоўныя героі апавядання “Лёд” – асуджаныя дасягненнямі цывілізацыі на вечнае жыццё людзі. Кожны дзень сустракаюцца і размаўляюць праз свае скафандры закаханыя Яна і Ясь: “…Заўтра зноў анічога не здарыцца” [31, с. 106].

“Самымі трывалымі сувязямі з традыцыямі літаратуры эпохі постмадэрну звязаны, – як лічыць Н. Пазняк, – празаічныя творы А. Бахарэвіча, дзе катэгорыя “гульні” падпарадкоўвае сабе ўсю мастацкую прастору тэксту” [32, с. 6]. А. Бахарэвіч – аўтар кніг “Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў”, “Натуральная афарбоўка”, “Ніякай літасці Валянціне Г.” А. Бахарэвіч неаднаразова прадстаўляў Беларусь на літаратурных семінарах і фестывалях у Еўропе. Яго творы актыўна перакладаюцца на замежныя мовы.

Дэканструкцыя рэчаіснасці і гульня з фігурай аўтара ўлас-ціва ўжо раннім творам пісьменніка: у апавяданні “Пры-біральшчыца” пададзена постмадэрновая сітуацыя множнасці сэнсаў, у апавяданні “Рамонт Гадзіннікаў” – дэканструкцыя знакавых для літаратуры катэгорый імя і прозвішча.

Абапіраючыся на эстэтычны прынцып постмадэрнізму, гульню з чытачом, А. Бахарэвіч праз мастацкае спалучэнне іроніі і гратэску ў сваіх аповесцях і раманах “імкнецца да разбурэння стэрэатыпаў масавай, а ў больш вузкім кантэксце, нацыянальнай свядомасці” [32, с. 6].

У аповесці А. Бахарэвіча “Падмані гаспадара сусвету” гульня з тэкстам ператвараецца ў “мантаж фрагментаў розных твораў, што звязваюцца ў адзіную канструкцыю аўтарскай канцэпцыяй супраціву сучаснасці” [32, с. 6].

Адным са спосабаў арганізацыі тэксту аповесці А. Бахарэвіча “Гюнтэр Вальдхоф і яго крэдыторы” выступае моўная гульня. Спалучэнне беларускай, рускай і нямецкай мовы ў творы “дазваляе па-новаму прачытаць “застарэлыя хваробы” беларускай культуры” (Н. Пазняк). І далей даследчыца працягвае: “Касмапалітычная арыентацыя эстэтыкі постмадэрнізму выяўляецца ў аповесці праз размыканне кодаў беларускага білінгвізму пры дапамозе старонняга кампаненту – нямецкай мовы і “псеўданямецкай” свядомасці галоўнага героя Гюнтэра Вальдхофа” [32, с. 6].

Катэгорыя гульні пакладзена ў аснову і “Натуральнай афарбоўкі” А. Бахарэвіча. Тэкст “Натуральнай афарбоўкі”, па словах Н. Пазняк, уяўляе сабой “інтэрактыўную прастору з вандруючымі вобразамі і сюжэтамі”. І далей даследчыца працягвае: “З першага погляду твор тыпова постмадэрнісцкі, калі не казаць пра пост-постмадэрнізм, бо інтэртэкст рамана разбурае катэгорыі ўжо самога постмадэрну” [32, с. 6]. Па жанру раман блізкі да антыўтопіі, “які праз выкарыстанне катэгорыі постмадэрнісцкай “гульні” ў тэксце таксама дэканструіруецца” [32]. Н. Пазняк знаходзіць у творы алюзіі да раманаў К. Замяціна “Мы” і “Замка” Ф. Кафкі, і нават “Сталкера” А. Таркоўскага. Імя галоўнага героя – Стах, паводле інтэртэксту, адсылае да “культавага” твора беларускай літаратуры “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча.

Н. Пазняк лічыць А. Бахарэвіча адным з самых перспектыўных сучасных беларускіх пісьменнікаў: На нашу думку, у асобе Альгерда Бахарэвіча сучасная беларуская літаратура набывае новае светабачанне, якое адпавядае ўсім правілам і канонам эстэтыкі постмадэрнізму, а таксама працягвае лепшыя традыцыі нацыянальнай прозы” [32, с. 6].

Творчасць Зм. Вішнёва Н. Пазняк прапануе разглядаць у рэчышчы постмадэрновага канцэптуальнага мастацтва. Канцэптуалізм як уласна-нацыянальную форму рускага літаратурнага постмадэрнізму, што не мае прамых аналагаў у свеце, прапануе вылучаць І. С. Скарапанава [30].

Катэгорыя “гульні” ў канцэптуалізме мае “…пазатэкставы “тэатралізаваны” характар, што выяўляе імідж аўтара, праз які патрэбна ўспрымаць яго творы” [30, с. 60]. У сучаснай рускай літаратуры найбольшую вядомасць як канцэптуаліст атрымаў Дз. Прыгаў, які стварыў парадыйныя вобразы эпігона, бяздарнасці, настаўніка, графамана, што аб’ядноўваюцца ў адно цэлае множнасцю псеўдааўтарска-персанажных масак, што выкарыстоўваюцца Дз. Прыгавым.

Зм. Вішнёў – аўтар тэорыі “афрыканізацыі” беларускай літаратуры. Канцэпт “Афрыкі”, пададзены ў шматлікіх вершах Зм. Вішнёва, відавочна адсылае да дзіцячай казкі К. Чукоўскага, выступае ў якасці жаданай мары.

Жанр сваіх вершаў Зм. Вішнёў вызначае як “афрыкозы”. “Захапленнем афрыканскімі прасторамі тлумачыцца і населенасць паэтычных тэкстаў Вішнёва рознымі экзатычнымі для Беларусі прадстаўнікамі флоры і фауны: кракадзіламі, зебрамі, папугаямі, змеямі, бегемотамі, маскітамі, кактусамі, кіпарысамі” (Н. Пазняк). Зм. Вішнёў арганізаваў таксама перформенную каманду “Спецбрыгада афрыканскіх братоў”.

Зм. Вішнёў стварыў сабе таксама канцэптуальны імідж самага скандальнага і эпатажнага сучаснага беларускага літаратара, пра што гаворка ішла вышэй.

Гульнёвы пачатак уласцівы і прозе Зм. Вішнёва: “Сон у сне” аповесці “Франтавы атрамант” дэманструе гульню з персанажна-аўтарскімі маскамі самога сябе.

Адной з першых постмадэрнісцкіх спроб літаратурнай дэканструкцыі сучаснай беларускай рэчаіснасці можна назваць раман Зм. Вішнёва “Трап для сусліка, або некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў” (пры ўсёй спрэчнасці яго мастацкіх якасцей). Н. Пазняк называе яго і “самым “эгацэнтрычным” творам Зм. Вішнёва на сённяшні дзень” [32]. Па структуры раман уяўляе сабой дзённікавыя запісы, успаміны і ўражанні, якія аб’ядноўвае ў адно цэлае асоба аўтара. “Пісьменнік, карыстаючыся ўласным досведам, стварае своеасаблівы міф пра сваё жыцце і жыццё сучаснага беларускага літаратурнага асяроддзя, а таму героямі эпізодаў твора становяцца рэальныя пісьменнікі, крытыкі і проста творчыя людзі, з якімі сутыкаецца галоўны герой, ён жа Зміцер Вішнёў, ён жа Змій Віш” (Н. Пазняк).

Адной з паказальных рысаў постмадэрнізму з’яўляецца эксперымент: і ў галіне жанру, і ў галіне зместу, і ў галіне рытмікі, строфікі. На думку І. Ільіна, літаратурны постамадэрнізм дваццатага стагоддзя працягнуў слоўныя эксперыменты мадэрнізму і авангардызму [33].

Найбольш у гэтым напрамку вылучаецца творчасць В. Жыбуля, самага вядомага беларускага паэта-паліндраміста. Паліндром, як своеасаблівая літаратурная гульня, заснаваны на спалучэнні слоў, што павінны прачытвацца злева направа і справа налева. Першы паліндрамічны верш у беларускай літаратуры “Я і лаза і азалія” належыць Рыгору Крушыне. Але В. Жыбуль пайшоў значна далей у стварэнні тэкстаў-“патрыётаў”, бо перакласці паліндром немагчыма: пісьменнік напісаў першыя ў нашай літаратуры паліндрамічныя паэмы “Рогі гор”, “Кацёл клёцак” і “Палігон ног і лап”:

Арэол…О, эра!

Рухі віхур…

Рогі гор-

гора дарог.

Дом мод…

Лёсы сёл…

Тэмы мэт..

Мэты тэм...[34, с. 7]

Акрамя таго, аўтарству В. Жыбуля належыць таксама першае паліндрамічнае апавяданне “Хам у думах”.

Яшчэ адным з напрамкаў творчых пошукаў В. Жыбуля, з’яўляецца стварэнне так званых “графічных” (“фігурных”) вершаў, радкі якіх размяшчаюцца так, што нагадваюць пэўныя фігуры ці іх абрысы. В. Жыбуль прапануе тэрмін “візуальная паэзія” [35, с. 107]. Сам паэт у артыкуле “Кароткая гісторыя беларускай візуальнай паэзіі” падрабязна праааналізаваў гэту з’яву ў гісторыі літаратуры. Традыцыю напісання фігурных вершаў ва ўсходнеславянскай паэзіі паспачаў С. Полацкі. Сёння да візуальнай паэзіі звяртаюцца В. Аксак, Л. Сільнова, С. Мінскевіч, А. Глобус і інш. Ствараючы “фігурныя” вершы (“Плюмбікон”, “Горны тэхнапейзаж”, “Трансфіліпуцыя”, “Хвост анаконды”), Зм. Вішнёў, з аднаго боку, працягвае традыцыі беларускай літаратуры, а з другога, эксперыменты сюррэалізму.

Н. Пазняк падкрэслівае: “Мастацкая правакацыя і канцэптуальная гульня з аўдыторыяй, заснаваная на змене аўтарскіх масак, адрозная рыса жыцця і творчасці Зм. Вішнёва” [32, с. 6].

Пошукі новых форм уздзеяння на чытача прыводзяць пісьменнікаў да эксперыментаў з тэкстам на фармальным і змястоўным узроўні, сінтэза розных відаў мастацтваў.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Эшкілев, В. Дискурс неомодернізму у сучасній українській літературі. Енциклопедія Української Літератури [Тэкст] / В. Єшкілев // Украинский Литературный Портал / www.proza.com.ua

2. Неоавангардиские течения в зарубежной литературе 1950-60 гг. [Текст]: сборник статей. – М. : Прогресс, 1982. – 354 c.

3. Руднев, В. Словарь культуры xx века: ключевые понятия и тексты [Текст] / В. Руднев. – М. : Аграф, 1997. – 384 с.

4. Пазняк, Н. Авангардысцкая у-топія [Тэкст] / Н. Пазняк // ЛіМ. – 2006. – 1 снежня. – С.13

5. Шчур, М. Роскіт і заняпад беларускага літаратурнага авангарду [Тэкст] / М. Шчур // Анталогія сучаснага беларускага мыслення. – СПб. : Невский Простор, 2004. – 782 с.

6. Барысевіч, Ю. Кароткая гісторыя «Бум-Бам-Літа» [Тэкст] / Ю. Барысевіч // Крыніца, 2001. – № 10. – С.3 – 41.

7. Мінскевіч, С. Прастора “Задзір’е” [Тэкст] / С. Мінскевіч // Тэксты. – 2004. – № 1. – С.125 – 132.

8. Галубовіч, Л. Кулуары [Тэкст] / Л. Галубовіч // ЛіМ. – 2007. – 19 студзеня. – С. 16.

9. Вішнёў, З. Штабкавы тамтам [Тэкст] / З. Вішнёў. – Мн. : Маст. літ., 1998. – 94 с.

10. Вішнёў, З. Тамбурны маскіт [Тэкст] / З. Вішнёў – СПб. : Невский Простор, 2001. – 254 с.

11. Васючэнка, П. Сарамяжлівы клёкатамус [Тэкст] / П. Васючэнка // Вішнёў З. Штабкавы тамтам. – С. 7.

12. Багдановіч, І. Э. Авангард і традыцыя [Тэкст] / І. Багдановіч – Мн. : Бел. навука, 2001. – 387 с.

13. Жыбуль, В. Дыяфрагма [Тэкст] / В. Жыбуль. – Мн. : Логвінаў, 2003. – 37 с.

14. Портрет в зеркалах: Антонен Арто [Текст] // Иностранная литература. – 1997. –№ 4. – 226 с.

15. Кісліцына, Г.М. “Постмадэрновы” чалавек у беларускай літаратуры [Тэкст] / Г. Кісліцына // Весці НАН Бел. Серыя гум. навук. – 2004. – №1. – С. 96 – 102.

16. Лиотар, Ж. Ф. Заметки о смыслах “пост” [Текст] / Ж. Лиотар // Иностранная литература. – 1994. – №1. – С. 56 – 60.

17. Шаўлякова, І. Сентыментальнае паляванне, або У крытычных сутарэння [Тэкст] / І. Шаўлякова. – Мн. : Дзяржаўнае прадпрыемства «Дом прэсы», 2000. – 96 с.

18. Акудовіч, В. Уводзіны ў новую літаратурную сітуацыю [Тэкст] / В. Акудовіч // Фрагменты. – 1999. – № 3 – 4. – С. 213 – 251.

19. Булгакаў, В. Блізіня нуля [Тэкст] / В. Булгакаў // Архэ. – 1999. – № 4. – С. 14-19.

20. Акудович, В. Откровения крёстного отца Бум-Бам-Лита [Текст] / В. Акудович // Понедельник. – 2001. – № 6. – С.6.

21. Мінскевіч, С. Да пытання фармалогіі Бум-Бам-Літа [Тэкст] / С. Мінскевіч // Тэксты. – 2007. – № 3. – С. 143 – 148.

22. Кісліцына, Г. “Бум-Бам-Літ”, Акудовіч рабэ Леў [Тэкст] / Г. Кісліцына // Крыніца. – 2001. – №10. – С. 132– 144.

23. Рагойша, В. П. На шляху да Парнаса: даведнік маладога літаратара [Тэкст] / В. Рагойша. – Мн. : Маст. літ., 2003. – 158 с.

24. Лявонава, Е.А. Плыні і постаці [Тэкст] / Е. Лявонава. – Мн. : Рэд. час. «Крыніца», 1998. – 336 с.

25. Галубовіч, Л. Сны Ігара Бабкова, запісаныя Францішкам Эн [Тэкст] / Л. Галубовіч // АRCHE. – 2001. – № 4. – С. 101 – 103.

26. Кісліцына, Г. Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы [Тэкст] / Г. Кісліцына // Studia Bialorutenistyczne. – 2007. –№ 1. – С. 203 – 209.

27. Бахарэвіч, А. Пераднаваголняе экспрэс-апытанне “ЛіМа” [Тэкст] /А. Бахарэвіч // ЛіМ. – 2006. – 1 снежня. – С. 13.

28. Гапеева, В. Рэканструкцыя неба [Тэкст] / В. Гапеева. – Мн. : Логвінаў, 2003. – 141 с.

29. Фіцнер, Т. А. Гендэрны аспект у беларускай літаратуры 20 стагоддзя: курс лекцый па спецкурсе [Тэкст] / Т. Фіцнер – Гомель.: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2005. – 183 с.

30. Скоропанова, Н. С. Русская постмодернистская литература: новая философия, новый язык [Текст] / Н. Скоропанова – СПб. : Невский Простор, 2001. – 416 с.

31. Сін, І. Нуль [Тэкст] / І. Сін. – СПб. : Невский Простор, 2002. – 107 с.

32. Пазняк, Н. Spiel aus Бахарэвіч, або Руйнаванне па-беларуску [Тэкст] / Н Пазняк, К. Байдакова // ЛіМ. – 2006. – 12 мая. – С. 6.

33. Ильин, И. Постмодернизм от истоков до конца столетия: эволюция научного мифа [Текст] / И. Ильин. – М. : Интрада, 1998. – 386 с.

34. Жыбуль, В. Рогі гор [Тэкст] / В. Жыбуль // Культура. – 1996. – 2 – 8 ліпеня. – С. 7.

35. Жыбуль, В. Кароткая гісторыя беларускай візуальнай паэзіі [Тэкст] / В. Жыбуль // Тэксты. – 2007. – № 3. – С. 107 – 129.

Скачать архив с текстом документа