Максім Іванавіч Гарэцкі

СОДЕРЖАНИЕ: Максім Іванавіч Гарэцкі як выдатный дзеяч беларускай культуры, гонар і сумленне нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. Літаратурный дэбют Гарэцкага, праяўлення наватарства в яго творах.

(1893–1938)

Максім Іванавіч Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячаў беларускай культуры. Яго творчасць уяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства.

М. Гарэцкі – асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці.

М. Гарэцкі – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Нарадзіўся Максім Гарэцкі 6 (18) лютага 1893 г. у в. Меншая (цяпер Малая) Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні ў сямі малазямельных сялян Івана Кузьміча і Аўфрасінні Міхайлаўны Гарэцкіх.

У 1901 г. бацькі аддалі яго ў школу граматы ў Вялікую (цяпер Большая) Багацькаўку, затым ён вучыўся ў Вольшынскай царкоўна-прыходскай двухкласнай школе (1903–1905), у настаўніцкіх класах у Вольшы (1905–1908). У 1909 г. прыняты ў Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча на казённы кошт.

Літаратурным дэбютам Гарэцкага стала апавяданне «У лазні» (1912), апублікаванае ў 1913 г. на старонках «Нашай Нівы» пад псеўданімам Максім Беларус. Неўзабаве адно за другім пачалі зяўляцца новыя апавяданні («Стогны душы», «Роднае карэнне», «У панскім лесе», «Красаваў язмін», усе – 1913), большасць якіх увайшла ў зборнік «Рунь» (1914). Гэты зборнік стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця Беларусі. Ён маніфеставаў зяўленне пісьменніка буйнога таленту, яскрава акрэсленай творчай індывідуальнасці. Працэс фарміравання творчай індывідуальнасці М. Гарэцкага на пачатковым этапе адбываўся вельмі інтэнсіўна.

Першымі апавяданнямі («У лазні», «Патаёмнае» (1913) і інш.) малады пісьменнік прыкметна рассунуў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы беларускай прозы, трывала замацаваўшы ў ёй тып сюжэтна разгорнутага сацыяльна-псіхалагічнага апавядання. Бясспрэчнай заслугай М. Гарэцкага зяўляецца і тое, што ён увёў у нацыянальную прозу новага героя – вясковага інтэлігента, які ўсведамляе сваю адказнасць за лёс народа і будучыню роднага краю. Духоўнае аблічча і жыццёвую пазіцыю такога героя найбольш выразна выяўляюць вобразы навучэнцаў каморніцкага вучылішча Кліма Шамоўскага («У лазні»), Кастуся Зарэмбы («У чым яго крыўда?», 1914), студэнта-медыка Архіпа Лінкевіча («Роднае карэнне»), юнака-адраджэнца Уладзіміра З., які вымушаны быў зехаць у чужы край, каб «долю каваць» («Рунь», 1914).

У пераважнай большасці апавяданні ранняй пары напісаны з пазіцый асветніцкага рэалізму. Канфлікт у гэтых творах найчасцей будуецца на сутыкненні юнака-рамантыка з вясковым асяроддзем, дзе пануе цемната, забабоннасць, абыякавае стаўленне працоўнага хлебароба да ўласнага лёсу. Нават родныя бацькі не разумеюць высакародных памкненняў Кліма Шамоўскага і Кастуся Зарэмбы. Бацькі схільныя глядзець на Кліма як на «пана». I Кастусь ва ўяўленні вяскоўцаў таксама «кандыдат у немалыя паны» (Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 1. Мн., 1984–1986. С. 119. Далей спасылкі на гэтае выданне прыводзяцца ў тэксце. У дужках абазначаны том і старонка.). М. Гарэцкі ўзняўся над спрошчанай трактоўкай вобраза інтэлігента, якога беспадстаўна крыўдзіць, не разумее цёмная, адсталая вёска: герой яго апавяданняў – і ў гэтым бясспрэчнае наватарства пісьменніка – пачынае ўсведамляць дваістасць уласнага становішча адначасова як «прымака ў панстве» і «пасынка вёскі». Фактычна тут М. Гарэцкім была зроблена канцэптуальная заяўка на тэму «дзвюх душ», якая пазней атрымае глыбокае мастацкае ўвасабленне.

М. Гарэцкі адным з першых у беларускай літаратуры пачатку XX ст. на поўны голас загаварыў пра неабходнасць беражлівага стаўлення з боку народа, працоўнага сялянства да нацыянальнай інтэлігенцыі, якой не стае імунітэту, яшчэ бракуе ўнутранай здольнасці супрацьстаяць небяспечным ідэйным уплывам. У ранніх апавяданнях герой М. Гарэцкага нярэдка выступаў як выразнік аўтарскіх поглядаў. Але пісьменнік у адпаведнасці з патрабаваннямі рэалістычнага мастацтва імкнуўся не атаясамліваць сябе з дзейнымі асобамі.

Адным з канкрэтных праяўленняў наватарства М. Гарэцкага ў мастацкай прозе была таксама распрацоўка гістарычнай тэматыкі. Апавяданнямі на тэму мінуўшчыны беларускага народа («Князёўна», «Войт», абодва 1913), («Лірныя спевы», 1914) Гарэцкі ўпісаў яскравую старонку ў гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства. Багатыя традыцыі айчыннага і ўвогуле славянскага гераічнага эпасу натхнілі пісьменніка на смелы мастацкі эксперымент у жанрава-стылявой сферы: фрагменты «Лірных спеваў», гэтай балады ў прозе, творча пераймаюць стыль гераічных песень, стыль «Слова аб палку Ігаравым».

Рысай сапраўднага наватарства пазначаны і апавяданні лірыка-філасофскага цыкла пад назвай «Што яно?», герой якога ставіць перад сабой амаль невырашальныя задачы – разгадаць таямніцу жыцця і смерці, верагоднасць існавання пазатруннага свету. Ён гатовы нават нячысціку душу прадаць, каб даведацца, «адкуля яно гэта ўсё, хто гэта даў і што будзе пасля смерці?. Можа, і таго свету няма? Дык што ж тады, як тады? Нашто ж такі свет стварыў?» (1, 96–97).

Цыкл «Што яно?» быў адной з першых у тагачаснай беларускай літаратуры спроб творчага асваення жанрава-стылявых магчымасцей філасофскай, інтэлектуальнай прозы. Адметнасцю яе распрацоўкі М. Гарэцкім было тое, што філасофскі аспект арганічна ўвязваўся з сацыяльна-палітычным. Так, адну з прычын трагічнасці шляху да спазнання загадак і таямніц чалавека і прыроды трэба бачыць у кансерватызме грамадства, якое баіцца новага, нязвыклага.

У змястоўным і стылявым плане да цыкла «Што яно?» набліжаюцца лірычныя эскізы, экспрэсіі, абразкі тыпу «Патаёмнае», «Цёмны лес», «Стогны душы», «Буйніцы і драбніцы» (усе 1913). Тут М. Гарэцкі паўстае не толькі як прыхільнік сацыяльна-бытавога рэалістычнага апавядання, але і як мастак рамантычнага мыслення. Унутраны сюжэт твораў пабудаваны не на ўчынках, а на роздумах героя адносна складанасці жыцця, у якім шмат неспазнанага, неразгаданага, таемнага.

Аналіз лірычных абразкоў, замалёвак, экспрэсій дазваляе зрабіць выснову, істотную для разумення кірунку творчага развіцця М. Гарэцкага. Ужо на раннім этапе ў яго творчасці выразна акрэсліліся дзве ўзаемазвязаныя мастацкія тэндэнцыі – адлюстраванне жыцця ў формах самога жыцця (рэалістычныя сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні з разгорнутым сюжэтам) і лірыка-экспрэсіўнае спасціжэнне рэчаіснасці з выкарыстаннем жанрава-стылявых элементаў філасофскай прозы. У далейшым працэс узаемадзеяння гэтых дзвюх плыняў ішоў вельмі паспяхова і даў плённыя творчыя вынікі.

Этапнай зявай на шляху інтэнсіўных мастацкіх пошукаў маладога Гарэцкага стала драматызаваная аповесць «Антон» («Абразы жыцця») (1914, уперш. 1918), якая ўвабрала ў сябе структурныя і вобразна-стылявыя пачаткі і эпасу, і драмы. «Абразы жыцця» абяднаны скразной тэмай – тэмай лёсу беларускага народа на гістарычным зломе эпох, тэмай драматызму пошукаў выйсця з крызісу, у якім апынулася грамадства.

Праніклівы мастак-аналітык, М. Гарэцкі бачыў, што крызіс на пачатку XX ст. захапіў усе пласты грамадства, у тым ліку пануючы клас, сялянства, нават царкву. Што ішло на змену старому жыццёваму ўкладу? Якія маральныя нормы і ўяўленні неслі з сабой новыя сацыяльныя сілы – гандлёвая буржуазія, купцы, чыноўнікі? Як гэта новае ўзгаднялася з традыцыйнымі каштоўнасцямі працоўнай вёскі? На гэтыя пытанні і шукаюць адказу героі твора. Адметнасць пабудовы сюжэта аповесці ў тым, што са смерцю галоўнага героя Антона Жабона дзеянне твора не заканчваецца. Яно перанесена ў Вільню, у іншы неназваны горад, на далёкія вясковыя дарогі. I там самагубства маладога Жабона становіцца прадметам вострапалемічнага абмеркавання з боку прадстаўнікоў розных сацыяльных сіл. Сяляне-аднавяскоўцы асудзілі ўчынак Антона як грахоўны. Перапала і Аўтуху за несумленнае жыццё. Што датычыць наведвальнікаў віленскай «Славянскай кафейні», якія таксама далучыліся да дыскусіі, дык яны перавялі гаворку ў шырокі сацыяльна-філасофскі план. А гэта істотна паглыбіла змест твора і надало канфлікту высокае сэнсавае гучанне.

Кірунак творчых інтарэсаў М. Гарэцкага ранняга перыяду вызначаўся не толькі апавяданнямі і драматычнай аповесцю, але і публіцыстычнымі, а таксама крытычнымі артыкуламі. Сярод іх побач з кароткімі допісамі, карэспандэнцыямі, фельетонамі («Нашы», «Весткі з Горак», «Жывая нябожчыца») змястоўнасцю і глыбінёй вылучаюцца разгорнутыя артыкулы-даследаванні «Наш тэатр» (1913) і «Развагі і думкі» (1914). Тут накрэслена шырокая праграма дзейнасці нацыянальна актыўных сіл, якія павінны быць скіраваны на развіццё беларускіх школ, тэатра, перыядычнага друку, выдавецкай справы, увогуле на духоўнае адраджэнне Беларусі.

Грамадска-палітычнымі фактарамі, якія паўплывалі на ідэйна-мастацкія пошукі і светапоглядную эвалюцыю М. Гарэцкага ў наступны перыяд творчасці, сталі падзеі, звязаныя з пачаткам першай сусветнай вайны. Каб скараціць тэрмін вайсковай службы, Гарэцкі падае заяву аб залічэнні ў «вольнапісаныя». У адным з баёў ва Усходняй Прусіі 25 кастрычніка «сувязіст артылерыйскай батарэі» М. Гарэцкі быў цяжка паранены. Пачаліся доўгія пакутлівыя блуканні па шпіталях Вільні, Магілёва, Масквы. У канцы верасня 1915 г. М. Гарэцкі атрымаў накіраванне на службу ў Пскоў, адкуль неўзабаве выехаў у дзеючую армію. А на пачатку 1916 г. быў залічаны ў Паўлаўскае ваеннае вучылішча (Петраград), па заканчэнні якога ў званні прапаршчыка едзе ў Іркуцк, адтуль пераводзіцца ў Гжацк.

У канцы года зноў трапляе на фронт, у раён пінскіх балотаў. I на гэты раз лёс аказаўся не дужа літасцівым да малодшага афіцэра: у лютым 1917 г. ён цяжка захварэў (нагадвала пра сябе і старая рана), лячыўся спярша ў палявым шпіталі, затым на працягу ўсяго лета – у Маскве. З Масквы быў накіраваны ў Жалезнаводск, адкуль восенню прыязджае ў Смаленск, дзе ўладкоўваецца на пасаду каменданта гарадскога жыллёвага аддзела (кастрычнік 1917 – чэрвень 1918) і пачынае ўжо пры савецкай уладзе супрацоўнічаць у газеце «Известия Смоленского Совета депутатов».

Практычна на працягу чатырох гадоў М. Гарэцкі не меў надзейнага прытулку, вымушаны быў весці вандроўны лад жыцця. Аднак і ў самых неспрыяльных умовах ён не выпускаў з рук пяра. Нават у кароткія хвіліны зацішша паміж артналётам клаліся на паперу радкі будучай дакументальна-мастацкай кнігі «На імперыялістычнай вайне». Час службы ў Гжацку (кастрычнік – лістапад 1916) стаў часам незвычайнага творчага ўздыму: з-пад пяра празаіка выйшлі такія шэдэўры беларускага малога эпасу, як «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Амерыканец», «Прысяга», «Дзве сястры».

Суровая рэчаіснасць ваенных гадоў унесла істотныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне пісьменніка, які пачынаў усведамляць, што толькі прапагандай ведаў, заклікам да маральнага ўдасканальвання асобы немагчыма вырашыць сацыяльныя супярэчнасці, палепшыць бядотнае становішча працоўнага люду. Патрэбны іншыя, болей дзейсныя захады грамадска-палітычнага характару. Менавіта такі падыход і дамінуе ў апавяданнях 1915–1918 гг. Герой гэтых твораў паводле светаадчування і каштоўнасных установак прыкметна адрозніваецца ад героя ранняй пары. Апошні верыў у жыватворную сілу асветы, навукі, сілу чалавечага розуму, даволі часта выходзіў пераможцам над неспрыяльнымі жыццёвымі абставінамі, бачыў перспектыву («У лазні», «Роднае карэнне», «Рунь» і інш.), а няўдачы, драматычныя падзеі ўраўнаважваліся аўтарскім аптымізмам. У новых творах («Літоўскі хутарок», «Рускі» (абодва 1915), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Прысяга», «На этапе» (усе 1916) і інш.) сюжэт, як правіла, мае трагічную развязку. Адпаведна пячаткай трагізму пазначаны і лёс дзейных асоб у гэтых творах – гаспадара хутара і яго дзяцей («Літоўскі хутарок»); салдата-беларуса, што пакутуе ад нервовай хваробы пасля забойства аўстрыяка («Рускі»); вясковай дзяўчыны, якая ў страху перад бацькамі загубіла пазашлюбнае дзіцё («Маці»); старога падарожнага, якога аднавяскоўцы не зажадалі прызнаць за тутэйшага жыхара («Хадзяка»). У шэрагу прыгаданых апавяданняў («Літоўскі хутарок», «Рускі», «На этапе», «Генерал») герой аказваецца непасрэднай ці ўскоснай ахвярай вайны. Выразная антымілітарысцкая скіраванасць твораў М. Гарэцкага – вялікая заслуга аўтара, які на аснове творчага ўспрымання лепшых дасягненняў класічнай літаратуры («Севастопольские рассказы» Л. Талстога і інш.) выпрацоўваў плённую традыцыю нацыянальнай мастацкай прозы, погляд на вайну як вялікую ўсенародную трагедыю.

У творах часоў імперыялістычнай вайны і рэвалюцый М. Гарэцкі робіць акцэнт на маральнай адказнасці асобы за здзейсненыя ўчынкі, што засведчыла пра болей высокі ўзровень разумення М. Гарэцкім прыроды чалавека і яго ўзаемасувязей з жыццём, якое менавіта ў гэты час відочна ўскладнілася, а супярэчнасці грамадскага характару выявілі сябе з асаблівай вастрынёй. Чуйны да змен у грамадскай псіхалогіі і зрухаў у сацыяльнай рэчаіснасці, пісьменнік не мог не зрэагаваць на іх.

Так, у эцюдах «Габрыелевы прысады», «Кіславодскія замалёўкі», «Знібее сэрца» (усе верасень 1917) М. Гарэцкі спрабуе знайсці адказ на балючыя пытанні, якія датычылі лёсу Бацькаўшчыны, будучыні беларускага народа, і адначасова задумваецца над мэтаю і сэнсам чалавечага жыцця, выказвае запаветную мару ўбачыць цэласнага, гарманічнага, разняволенага чалавека. Менавіта прадчуваннем непазбежнасці хуткіх сацыяльных перамен («Прыйшоў вялікі час, і вялікай працы чакае краіна»), усведамленнем асабістай мастакоўскай адказнасці за лёс роднага краю («мала я жыў, мала зрабіў…») і тлумачыцца зварот М. Гарэцкага да жанру публіцыстыкі. Публіцыстыка якраз і вызначыла творчае і грамадзянскае аблічча Гарэцкага ў першыя паслякастрычніцкія гады, а традыцыйныя жанры прыгожага пісьменства – апавяданне, драматычны абразок і г. д. – на пэўны час былі адсунуты на другі план. На працягу ўсяго 1917 г. з-пад пісьменніцкага пяра выйшлі тры згаданыя вышэй лірычна-філасофскія эцюды, завершана апавяданне «Зіма» і распачата праца над аповесцю «За што?» Яшчэ больш сціплым у творчым плане для празаіка аказаўся 1918 г. (апавяданне «Панская сучка», нарыс «Деревня»). Асноўная ж увага была засяроджана на вострапалемічных выступленнях у друку, галоўным чынам у «Известиях Смоленского совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Дарэчы, многае з апублікаванага ў гэты складаны час М. Гарэцкі перагледзіць, на некаторыя моманты гляне іншымі вачыма, часам пад іншым ракурсам. Наогул погляды М. Гарэцкага на новую ўладу і яе палітыку былі няўстойлівымі. Гэта заканамерна, бо пісьменнік, па-першае, увесь час знаходзіўся ў пошуку; а па-другое, сама ўлада сваімі супярэчлівымі дзеяннямі застаўляла часта мяняць погляды.

Аб няўстойлівасці поглядаў М. Гарэцкага на новую ўладу і палітыку яе кіраўнікоў сведчыць, напрыклад, нарыс «Деревня» (надрукаваны ў лістападзе 1918 г. пад псеўданімам Ваш Амсціслаўскі). Тут хоць часам і прарываецца рэвалюцыйны пафас «непоколебимой веры в вождей коммунизма» и «в правоту их учения и дела», але рэальны змест твора агульную дэкларацыю не пацвярджае. Болей таго. Тут можна выявіць сімптомы псіхалагічнай гатоўнасці М. Гарэцкага перагледзець некаторыя са сваіх ранейшых аптымістычных прагнозаў.

Нарыс «Деревня» ў канцэптуальным плане можна разглядаць як подступы, як першапачатковы накід аповесці «За што?», аднаго з найбольш глыбокіх, па-мастацку дасканалых, унутрана цэласных твораў. Вытокі цэласнасці – у плённым прадаўжэнні М. Гарэцкім вопыту класічнай літаратуры і паслядоўнай арыентацыі на эстэтычныя прынцыпы рэалізму і народнасці. Перакладзеная з беларускай мовы аповесць зявілася на старонках «Известий Смоленского совета» 1 мая 1918 г. пад псеўданімам Дзед Кузьма. Пазней яна дапрацоўвалася і выходзіла ў свет пад назвай адпаведна «Ціхія песні» (1926) і «Ціхая плынь» (1930). У цэнтры твора знаходзіцца лёс вясковага хлопца Хомкі і шырэй – лёс значнай часткі беларускай моладзі, якая невядома за чые інтарэсы гінула, так і не паспеўшы па-сапраўднаму ўвайсці ў жыццё.

Артыкулам «Няхай жыве Камуністычная Беларусь!» (4 студзеня 1919 г.) як бы падводзілася рыса пад творчай і ідэалагічнай пазіцыяй М. Гарэцкага другога перыяду дзейнасці.

Трэці перыяд храналагічна прыпадае на час знаходжання ў Вільні (пачатак 1919 – кастрычнік 1923), куды пісьменнік пераехаў разам з рэдакцыяй газеты «Звязда» і дзе вымушаны быў застацца ў сувязі з раптоўным захопам горада войскамі Пілсудскага. Гэты перыяд аказаўся асабліва плённым у творчых адносінах. Толькі ў 1921 г. з-пад пяра М. Гарэцкага выйшаў шэраг выдатных апавяданняў. Сярод іх – «Дурны настаўнік», «Трасца», «Смачны заяц», «Еду дамоў», «Страшная музыкава песня», «Скарб», «Сасна», «Фантазія», «Апостал», «У панскай кухні», «Руіны», «Стары прафесар», «Багатая пчэльня» і многія іншыя.

Гэтак жа актыўна выступае М. Гарэцкі і ў жанры публіцыстыкі. У тым жа 1921 г. ён друкуе вострапраблемныя артыкулы «Загадка маскоўскіх камуністаў», «Тугэйшае жыццё», «Свабода слова», «Аб беларускіх пісьменніках», «Любіце польскі народ», «Эндэцкія выкрутасы», «Беларускі касцёл» і шмат іншых змястоўных матэрыялаў, якія наглядна дэманстравалі шырыню творчых інтарэсаў пісьменніка і сведчылі пра яго імкненне быць у цэнтры грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.

Адначасна М. Гарэцкі разгортвае інтэнсіўную навукова-асветную і выдавецкую дзейнасць: пачынае ствараць «Гісторыю беларускае літаратуры» (1920, 1921), рэдагуе газету «Наша думка» (снежань 1920 – красавік 1921), выступае ў якасці заснавальніка і выдаўца-рэдактара газеты «Беларускія ведамасці» (верасень 1921 – студзень 1922). Асабліва вялікае значэнне мела «Гісторыя беларускае літаратуры». Як фундаментальная для свайго часу праца яна ставіла вывучэнне беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі і літаратурна-грамадскага руху на трывалую навуковую глебу, паглыбляла метадалагічныя прынцыпы гістарызму, абектыўнасці, прывучала глядзець на літаратуру як на мастацкую, эстэтычную зяву, як на праяву духоўнай дзейнасці.

На актыўны творчы стан пісьменніка дабратворна паўплывалі перамены ў асабістым жыцці: у ліпені 1919 г. Максім Іванавіч пабраўся з настаўніцай першай Віленскай Беларускай гімназіі Леанілай Усцінаўнай Чарняўскай.

Галоўным жа імпульсам творчага нагхнення Гарэцкага-пісьменніка было пераадоленне ім уласных палітычных ілюзій смаленскай пары, што найболын яскрава праявілася ў аповесці «Дзве душы», якую ён па прыездзе ў Вільню даволі аператыўна вынес на суд чытачоў «Беларускай думкі» (чэрвень – ліпень 1919). На час друкавання аповесці пісьменнік, па ўсім відаць, зразумеў, што яго надзеі на бальшавіцкую ўладу як на рэальную палітычную сілу, якая дапаможа нацыянальна ўсвядомленай частцы беларускага грамадства стварыць суверэнную дзяржаву, дабіцца фактычнай нацыянальнай незалежнасці, марныя і што для бальшавіцкага кіраўніцтва размовы аб праве беларусаў на самавызначэнне – толькі тактычны ход у палітычнай гульні. I ў аповесці «Дзве душы» М. Гарэцкі зрабіў спробу даць мастацкае вытлумачэнне падзей рэвалюцыі і народжаных ёю працэсаў у грамадскім жыцці, раскрыць ролю нацыянальнай інтэлігенцыі як абаронцы гуманістычных ідэалаў.

«Дзве душы» – твор наскрозь палемічны, ён добра ўпісваецца ў атмасферу тагачасных палітычных дыскусій. Але публіцыстычны элемент у яго тэксце найчасцей прыхаваны, пададзены праз спрэчкі і сутыкненні дзейных асоб. Разам з тым гэта і вельмі асабісты твор. Паміж галоўным героем і аўтарам аповесці шмат агульнага, толькі агульнае, асабістае тут не прыватна-побытавага, а светапогляднага ўзроўню. Галоўны герой Ігнат Абдзіраловіч – сялянскі сын, які воляю лёсу быў падменены на панскае дзіцё, праходзіць складаны шлях духоўнага і светапогляднага станаўлення.

Глыбокая, бескампрамісна праўдзівая, мужная аповесць зявілася значным крокам у светапоглядным развіцці М. Гарэцкага. Аповесць «Дзве душы» стала для пісьменніка моцным творча-псіхалагічным штуршком у далейшай выпрацоўцы і паглыбленні нацыянальна-адраджэнскай канцэпцыі, адной з канкрэтных задач якой было імкненне раскрыць вытокі негатыўных момантаў у нацыянальным характары беларуса – момантаў, якія абумовілі грамадзянскую пасіўнасць, палітычную індыферэнтнасць народных мас у барацьбе за пабудову самастойнай дзяржавы.

Апавяданні, напісаныя М. Гарэцкім у час знаходжання ў Вільні, склалі кнігу «Досвіткі». Пасіўнымі ахвярамі цемнаты, забабоннасці, панскага самадурства паўстаюць героі гэтых твораў. Так, Якуб Кубраковіч («Дурны настаўнік») прагнуў разгадаць таямніцу «вечнага пачатку», але сутыкнуўся з варожым асяроддзем, якое абвясціла яго «дурнем». Сацыяльная няроўнасць выхоўвае лёкайскую псіхалогію, спажывецкую, паразітычную мараль («У панскай кухні»). Нізкі ўзровень духоўных запатрабаванняў дваровага люду, атмасфера «панскай кухні» якраз і прывялі да трагедыі («Рыпіну забіў мужык. Забіў плашкаю. Два разы ўдарыў пасярод хаты, па галаве, і ніхто не бараніў яе»). Герой апавядання «Смачны заяц» правініўся перад князем і, баючыся пакарання, гатовы на самагубства. Калі ж «злачынства» – падмена зайца на ката – не раскрылася, радасны кухар заяўляе: «…на тое ж мы слугі панскія, каб нас секлі». Слуга змірыўся са сваёй доляй, у яго не ўзнікае думка пра абарону ўласнай годнасці. Прадстаўнік новага пакалення – унук спрачаецца з дзедам, ад імя якога ідзе апавяданне, пратэстуе «супраць незразумелай для яго пакоры панскіх падданых», прапаноўваючы свае сродкі барацьбы: «Узяў бы я добры кол», «Узяў бы карабочак сернікаў і добры пук саломы…» Але ўмудроны жыццёвым вопытам стары ведае, што стыхійная помста, крывавы бунт, гвалтоўніцтва не прыводзілі да жаданай мэты, заканчваліся трагічна. За гэтай маральнай высновай угадваецца і пазіцыя М. Гарэцкага. Толькі ў працэсе выхавання сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці, толькі праз духоўнае адраджэнне чалавека можна ажыццявіць высокія гуманістычныя ідэалы – менавіта такую абагульнена-філасофскую думку нясуць «Досвіткі». Заканамерна, што кніга атрымалася тэматычна цэласнай, бо ўключаныя ў яе творы абяднаны адзінствам мастацкай задумы. Гэта своеасаблівы «антыпрыгонніцкі», «антыпанскі» і «антыбунтаўнічы» цыкл, адрасаваны сучасніку. Назвай кнігі падкрэслівалася, што для беларускага сялянства празмерна доўга цягнуліся яго гістарычныя «досвіткі», а світанак яшчэ наперадзе, і абуджэнне не настане само па сабе, новы дзень трэба набліжаць актыўнай дзейнасцю.

Што датычыць іншых апавяданняў, напісаных у той жа час, але не ўключаных у кнігу, дык сваім зместам і стылявой скіраванасцю яны бліжэй да «Дзвюх душаў». Гэта апавяданні «У 1920 годзе», «Апостал», «Незадача», «Усебеларускі зезд 1917 года», якія паглыбляюць узнятую ў аповесці тэму рэвалюцыі і новай улады, канкрэтызуюць яе з улікам змен, што адбываліся ў Беларусі пасля публікацыі «Дзвюх душаў». З выразна акрэсленых гуманістычных пазіцый М. Гарэцкі малюе абыякавыя адносіны рэвалюцыйнай улады да сялянства, раскрывае нізкі маральны ўзровень тых, хто ўзяў на сябе адказнасць будаваць новае жыццё. Створаныя пісьменнікам вобразы камуніста Курапы («Апостал»), камісара Батрачонкава («Незадача») накрэслівалі вельмі плённы кірунак асэнсавання тэмы рэвалюцыі, бо ў аснове гэтага кірунку ляжалі прынцыпы народнасці і рэалізму, вера ў багатыя, але яшчэ нявыяўленыя сілы працоўнага люду.

У віленскі перыяд М. Гарэцкім напісана большасць драматычных абразкоў, сярод якіх – «Мутэрка» (1920), «Салдат і яго жонка», «Свецкі чалавек», «Не адной веры», «Чырвоныя ружы», «Каменацёс», «Жалобная камедыя» і пачатак «Жартаўлівага Пісарэвіча» (усе 1922). Спынімся на драматычных абразках М. Гарэцкага (не толькі дзвінскага цыклу, а наогул на ўсіх песах) больш падрабязна.

Самы ранні, яшчэ дарэвалюцыйнага часу, драматычны абразок М. Гарэцкага – аднаактоўка «Атрута», якая мае ярка выражаную антыалкагольную накіраванасць.

У «сцэнках з натуры» (аўтарскае вызначэнне) «Гапон і Любачка» М. Гарэцкі, гэты, паводле трапнага вызначэння А. Навіны, «ідэолаг народнай інтэлігенцыі», закрануў вельмі важную праблему, якая прайшла «чырвонай ніткай» праз усю творчасць пісьменніка. Значная частка духоўнага патэнцыялу нацыі, а менавіта настаўніцтва, якое, як ніякая іншая грамадская група, павінна быць носьбітам нацыянальнай свядомасці, узорам адукаванасці, выхаванасці, маральнасці, кідаецца ў распусту (Гапон), выяўляе не надта высокую культуру паводзін, прафесійную некампетэнтнасць і элементарную бязграматнасць (Любачка).

«Родным братам» Гапона Гапонавіча N. з’яўляецца Даніла Пахомавіч Мутэрка – галоўны персанаж наступнай малой п’есы М. Гарэцкага, названай па прозвішчу героя ці, больш правільна, «антыгероя» (Ф. Дастаеўскі). «Абразок з натуры» «Мутэрка» (па форме гэты твор блізкі да звычайнай аднаактоўкі) быў напісаны ў 1920 г. Дзеянне ў п’есе адбываецца «ў 1919–1920 годзе, узімку, пад польскай акупацыяй» (Гарэцкі М. Мутэрка. Абразок з натуры // Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 2. С. 283.). Былы загадчык царскай двухкласнай школы, выхадзец з вёскі (сын мужыка, як зазначае аўтар) Даніла Мутэрка перабраўся ў мястэчка і ўладкаваўся хатнім настаўнікам у заможнай местачковай удавы Блюмы Ліпскай. Мутэрка не проста вучыць дачку Ліпскай Соню, г. зн. прыходзіць і дае ёй урокі. Ён жыве ў доме гаспадыні і заводзіць з ёю даволі блізкія адносіны. Калі ж Ліпская надакучыла (не апошнюю ролю тут адыграла «без пары развіўшыся, па матцы сытная і пухлая, даволі гожанькая, з даўгімі косамі» Соня, на якую настаўнік пачаў заглядацца), Мутэрка вырашае парваць са старэючай удавою. У час высвятлення адносін з Ліпскай, якая не можа зразумець перамены ў паводзінах свайго каханка (а Ліпская на самой справе кахае Мутэрку), раскрываецца сапраўдны твар былога загадчыка двухкласнай школы, высвечваецца яго маральны воблік, чалавечая і грамадзянская сутнасць.

«Чыстай», прычым яскрава выражанай сатырычнай камедыяй з’яўляецца аднаактоўка «Свецкі чалавек». У гэтым творы М. Гарэцкі жорстка ганьбуе тых, хто, пажыўшы крыху ў горадзе, навукі і культуры асаблівай не прыдбаў, але ўжо пагарджае ўсім вясковым, нават бацькамі. Менавіта такім тыпам з’яўляецца цэнтральны персанаж камедыі – Мікола Муха (Мікалай Хведаравіч Мухін, як ён сам сябе велічае і, заўважым, патрабуе, каб так да яго звярталася нават родная маці), які прыехаў у родную вёску з Масквы, каб «выбраць пашпарт». Ён не толькі не дапамагае старым бацькам па гаспадарцы (а гэта быў час жніва), але і наогул паводзіць сябе надзвычай непрыгожа, нават нахабна, дэманструючы тым самым «здзіўляючую маральную глухату, душэўную чэрствасць, дух ваяўнічага, наступальнага мяшчанства» (Мушынскі М.І., Голуб Т.С., Кенька М.П. Каментарыі // Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 2. С. 369.).

Абразок «Жалобная камедыя» – таксама вострасатырычны твор. Разам з тым можна весці гаворку і аб пэўным выяўленні ў ім трагікамічных матываў. У гэтым глыбока праблемным абразку М. Гарэцкі «па-майстэрску малюе партрэты рознага роду палітычных дэмагогаў і прыстасаванцаў, раскрывае іх маральнае банкруцтва» (Там жа).

Самым буйным сярод малафарматных твораў дзвінскага цыклу з’яўляецца «Жартаўлівы Пісарэвіч» (яго М. Гарэцкі толькі пачаў у Дзвінску, а закончыў пазней). Тут аўтар засяродзіў увагу на праблеме бежанства, якая для нашага народа заўсёды была актуальнай. Апошняя, Чарнобыльская бяда – яскравае гэтаму пацвярджэнне. Перажыванні, пакуты, нягоды і злыбеды, якія прыйшлося вынесці ў бежанстве нашым землякам, і ў прыватнасці, аднаму з беларускіх інтэлігентаў Алесю Пісарэвічу разам з сям’ёй, якраз і склалі сюжэтную і калізійна-канфліктную аснову «Жартаўлівага Пісарэвіча». Нельга не пагадзіцца з М. Мушынскім, які піша, што «ў абразку «Жартаўлівы Пісарэвіч» пісьменнік стварыў вельмі яскравы, непаўторны і псіхалагічна пераканальны вобраз цярплівага пакутніка-беларуса, які дае не толькі сваім сучаснікам, але і іх болей шчаслівым нашчадкам урок сапраўднай маральнасці, высакародства і велічы духу. Пісарэвіч – гэта сапраўдны герой гісторыі, гэта нацыянальны тып, які насуперак злому лёсу і чэрствым людзям сцвярджае высокую чалавечую годнасць, душэўную сілу і самапавагу. Жартаўлівага Пісарэвіча мы з поўным правам можам паставіць побач з героямі «Віленскіх камунараў» і «Камароўскай хронікі», з гераічнымі вобразамі Янкі Купалы, з манументальнымі героямі «Новай зямлі», з велічнымі героямі ваенных раманаў Кузьмы Чорнага» (Мушынскі М. На пераломе эпох // Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. С. 481–482.). У дачыненні да «Жартаўлівага Пісарэвіча» таксама можна весці гаворку як аб п’есе, у якой маюць месца трагікамічныя матывы. Агульная танальнасць камічнага, яго пэўная сцішанасць, а таксама малафарматнасць твора (тут, відаць, спрацоўваюць агульнапрынятыя трафарэтныя ўяўленні аб разгортванні трагічнага толькі на вялікай мастацкай плошчы) неяк не дазваляюць поўнасцю і безапеляцыйна адносіць дадзеную п’есу да жанру трагікамедыі. Але ж трагікамічнае ў творы адназначна прысутнічае.

У абразку «Салдат і яго жонка» аўтар надзвычай тонка і псіхалагічна дакладна перадае душэўную драму былога салдата і яго жонкі. Не можа Цімох дараваць сваёй Агаце тое, што яна ў час знаходжання мужа на вайне прыдбала дзіця. І крыўда, і жаль, і спачуванне, і злосць з нянавісцю, і адчай – усё пераплялося ў душы Салдата. Нават фізічныя пабоі, якія Цімох наносіць жонцы, выліваючы ў іх разам са злосцю свае душэўныя пакуты (на гэта Агата рэагуе досыць спакойна і прымае як зразумелае), не прыносяць заспакаення. Цімох нават падштурховае жонку пайсці на злачынства, каб пазбавіцца дзіцяці, а з ім і душэўных пакут. Хто ж вінаваты ва ўсёй гэтай драме? Амаль што цалкам на пастаўленае пытанне адказваюць самі героі абразка, у прыватнасці, Агата, якая аднойчы, калі Цімох чарговы раз ускліквае, за што ён павінен пераносіць такія пакуты, прамаўляе: «За беднасць нашу». І сапраўды, беднасць, галеча, несправядлівасць, абцяжараныя вайной, з’яўляюцца асноўнымі віноўнікамі адлюстраванай у п’есе «Салдат і яго жонка» чалавечай драмы.

Ахвярамі рэлігійнага фанатызму сталі героі п’есы М. Гарэцкага «Не адной веры». Фабрычны работнік Адварды, хлопец увогуле неблагі, але бесхарактарны, і яго любая Таццяна, дзяўчына шчырая і даверлівая, вырашылі пажаніцца. Аднак закаханым прыйшлося расстацца: родныя Адварды, католікі і «палякі», адзіным фронтам выступілі супраць шлюбу юнака з праваслаўнай і «рускай». «Мы ж землякі, мы ж свае… Што ты ў касцёле, а я ў царкве? Я ж такая руская, як ты паляк» (Гарэцкі М. Не адной веры // Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 2. С. 310.), – гаворыць Таццяна каханаму, спрабуючы давесці да яго абсурднасць узнікшай на шляху да шчасця перашкоды. Адварды і сам добра ўсведамляе гэта. Але ж пад націскам бесцырымоннага і нахрапістага брата Станіслава, выканаўцы волі бацькоў, вымушаны пакінуць надта любую яго душы і сэрцу Таццяну. Уласная бесхарактарнасць і залішняя пакладзістаць так і не дазволілі юнаку выступіць у абарону свайго кахання і шчасця. У выніку – пакалечаныя лёсы абодвух герояў.

Толькі ўмоўна можна лічыць абразкамі «Чырвоныя ружы» («чатыры абразкі з мінулага жыцця», паводле аўтарскага вызначэння), таму што ў прынцыпе гэта поўнафарматная песа. Адлюстраванне падзей у творы ахоплівае больш чым пяцідзесяцігадовы перыяд гісторыі народа – ад паншчыны да восені 1917 г. Гістарычны экскурс спатрэбіўся драматургу, каб праз лёс канкрэтных сялянскіх семяў (прыгонныя Мацей, Сцяпан, Мірон, іх дзеці і ўнукі) аналітычна-мастацкім шляхам устанавіць, з якімі ж маральнымі, духоўнымі набыткамі прыйшлі працоўныя масы да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Вывад, да якога прыходзіць пісьменнік, такі ж несуцяшальны, як і ў «Досвітках»: стагоддзі прыгнёту, бяспраўнасці, здзеку прывялі да таго, што сялянства ў рэвалюцыі выступае носьбітам дзікага бунту, рабаўніцтва і разбурэння.

«Абразкі» сталі яшчэ адным красамоўным пацвярджэннем высокай творчай актыўнасці М. Гарэцкага на пачатку 20-х гадоў, хоць жыццёвыя абставіны не спрыялі нармальнай творчай працы: у студзені 1922 г. пісьменнік быў арыштаваны польскімі вайсковымі ўладамі і кінуты ў адзіночную камеру на Лукішкі. Суд, праўда, не адбыўся, але палітычны вязень быў «са здзекам… выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам» (Гарэцкі М. Аўтабіяграфія // Пра час і пра сябе. Мн., 1966. С. 95.). Спярша М. Гарэцкі накіроўваецца ў Коўна, адтуль у Дзвінск, дзе пэўны час выкладае на Беларускіх настаўніцкіх курсах. Якраз тут і напісаны драматычныя абразкі. У Дзвінску ён быў паўторна арыштаваны і зноў дастаўлены ў Вільню, дзе тры тыдні знаходзіўся пад вартаю, потым яго выпусцілі пад заклад.

У кастрычніку 1923 г. М. Гарэцкі, атрымаўшы ў савецкім пасольстве ў Варшаве дазвол, пакінуў Вільню і разам з сямёй пераехаў у Мінск. Гэтае рашэнне было выклікана многімі прычынамі грамадска-палітычнага, субектыўна-псіхалагічнага характару. Адыгрывала сваю ролю варожае стаўленне польскіх уладаў да «беларускага нацыяналіста», які вёў актыўную грамадска-асветную працу. З другога боку, умацоўвалася вера ў тое, што абвешчаная бальшавікамі падтрымка нацыянальна-адраджэнскіх сіл у БССР будзе ажыццёўлена. Сумаваў пісьменнік і па роднай Багацькаўцы, дзе засталіся бацька, маці, прыкутыя незабыўным горам – трагічнай смерцю (верасень 1922) іх адзінай дачкі Ганны і арыштам органамі НКУС сына Гаўрылы (жнівень 1922). Галоўным жа пабуджальным матывам пярэбараў было ўсведамленне Гарэцкім сваёй зрошчанасці, духоўнай еднасці з народам, унутраная гатоўнасць дзяліць з ім усе жыццёвыя выпрабаванні. Пісьменнік павінен быў кожную хвіліну адчуваць сябе ў сваім нацыянальна-культурным асяроддзі. Яму патрэбен быў паўсядзённы псіхалагічны кантакт з рэальным чытачом, патрэбна была агульнанацыянальная аўдыторыя. Вядома, М. Гарэцкі прадбачыў небяспеку, якая падпільноўвала яго ў Савецкай Беларусі, бо афіцыйныя ўлады маглі не дараваць яму ні «Дзвюх душаў», ні «Апостала», нават калі гэтыя і іншыя «крамольныя» творы друкаваліся пад псеўданімам. I тым не менш адважыўся на рызыкоўны крок.

Прыезд у Мінск клаў пачатак новаму, асабліва драматычнаму перыяду жыцця і творчай дзейнасці М. Гарэцкага. Гэты перыяд правамерна назваць савецкім. Храналагічна ён дзеліцца на два этапы, мяжой якіх стаў арышт 1930 г. Мянялася не толькі месца працы і пражывання пісьменніка, але і яго сацыяльны статус. З Мінска (студзень 1926) ён пераязджае ў Горкі (люты 1926 – жнівень 1928), потым зноў вяртаецца ў Мінск (верасень 1928 – ліпень 1930). Арышт па ілжывым даносе адкрыў найбольш змрочную старонку ў жыцці Максіма-пакутніка, несправядліва асуджанага па сфабрыкаванай справе міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі» і высланага на пяцігадовы тэрмін у г. Вятку.

Перыяд 1923–1930 гг. уражвае здзіўляючай паслядоўнасцю пісьменніка ў выяўленні творчых і грамадска-палітычных поглядаў. Ён не стаў падладжвацца пад ідэалагічныя патрабаванні новай улады, не кінуўся на шлях нястрымнага ўслаўлення новай сацыялістычнай явы, рэвалюцыйнага энтузіязму працоўных, а, як і раней, з годнасцю і самапавагай працягваў нацыянальна-адраджэнскую праграму, якую намеціў і ажыццяўляў на Віленшчыне: вядзе навуковую, культурна-асветную працу, выкладае беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, чытае курс беларусазнаўства на рабфаку Беларускага універсітэта (верасень 1925 – студзень 1926). У Інбелкульце ўзначальвае мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі.

Паказальна, што яго тагачасныя творы тэматычна скіраваны не да новай рэчаіснасці, а да нядаўняга мінулага. Падобная зарыентаванасць, думаецца, і была формай апасродкаванай ацэнкі палітычнай сістэмы, да якой пісьменнік у 1919–1922 гг. ставіўся даволі крытычна. Ацэнка засталася нязменнай, і пасля пераезду ў Мінск М. Гарэцкі цалкам засяроджваецца на дапрацоўцы раней апублікаваных ці яшчэ незавершаных твораў, якія і вызначылі яго пісьменніцкае аблічча ў другой палове 20-х гадоў. Гэта аповесці «У чым яго крыўда?» (прыблізна 1925–1926), «Меланхолія» (1916–1921, 1928), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1914–1915, 1919–1920, 1925–1926, 1928). Уносяцца змены, папраўкі і ў аповесць «За што?», якая выходзіць пад назвай «Ціхія песні» (1926), «Ціхая плынь» (1930), у песу «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1922, 1925, 1927, 1928). Не абмінуў патрабавальны мастак увагай і малафарматныя рэчы, рыхтуючы да друку зборнік «Апавяданні», што меўся выйсці ў свет у 1928 г. і павінен быў стаць творчай справаздачай пісьменніка за пятнаццаць гадоў дзейнасці ў галіне нацыянальнай прозы (1912–1928). Амаль кожны з раней апублікаваных твораў таксама быў перагледжаны аўтарам. Але Белдзяржвыдавецтва не прыняло зборнік да друку, бо «палітрэдактар Будзінскі даў адмоўны водзыў» (Чарняўская Л. Успаміны пра знаёмства і сустрэчы з Якубам Коласам // Полымя. 1994. №9. С. 103.).

Выкарыстанне М. Гарэцкім тэксту ранніх апавяданняў у аповесці «У чым яго крыўда?» было прадыктавана агульнай тэндэнцыяй развіцця яго прозы, тэндэнцыяй умацавання яе эпічнай асновы. Эпічная паўната дасягалася, вядома, не механічным пашырэннем канкрэтнага матэрыялу, а новым ракурсам адлюстравання рэчаіснасці.

Так, Клім Шамоўскі і Кастусь Зарэмба акцэнтавалі галоўную ўвагу на негатыўных баках вясковага жыцця, а Лявон Задума ўжо валодае здольнасцю выразней бачыць і станоўчыя зявы ў жыцці вёскі. А гэта якраз і вяло да пераадолення непаўнаты, эскізнасці малюнка, арганічнага ў апавяданні, але недастатковага ў буйным творы. На розных сэнсава-змястоўных узроўнях вырашаны і канфлікт героя з вясковым асяроддзем. У прыватнасці, па-новаму прачытваецца і сітуацыя з лістом Кастуся да Ганначкі. Там бесцырымонныя паводзіны вяскоўцаў, якія калектыўна чыталі інтымнае пасланне юнака да дзяўчыны, былі галоўнай прычынай яго «крыўды». У аповесці ж сэнсавыя параметры «крыўды» вызначаюцца не толькі перажываннямі Лявона, але і ўсведамленнем сацыяльных прычын нізкай побытавай культуры сялян.

Высветліць гэтыя прычыны якраз і павінна была другая частка трылогіі – аповесць «Меланхолія», у якой Лявон выступае ў новай якасці: пасля завяршэння вучобы ён працуе каморнікам у глухім кутку Віленшчыны. Тут Лявон Задума ўздымаецца на болып высокі ўзровень светапогляднага развіцця. Пра гэта сведчыць пашырэнне сферы яго інтэлектуальнай зацікаўленасці: інтэлігенцыя і народ, інтэлігенцыя і ўлада, шляхі вызвалення ад сацыяльнага і нацыяльнага прыгнёту, праблема сэнсу жыцця і прызначэння чалавека, жыццё і смерць – вось над чым бецца зараз думка Лявона. Істотна тое, што пісьменнік, па-першае, свядома вывеў героя за межы звыклага вясковага асяроддзя і сутыкнуў яго з больш складанымі сферамі сацыяльнай рэчаіснасці, а па-другое, абраў эпісталярную форму падачы матэрыялу, падкрэсліўшы тым самым ролю інтэлектуальнага, аналітычнага пачатку, права асобы мець свой уласны, субектыўны погляд на жыццё і чалавечыя ўзаемаадносіны. «Меланхолія» прадэманстравала відавочныя поспехі аўтара ў авалоданні сакрэтамі пабудовы сацыяльна-псіхалагічнай аповесці. Напоўнены глыбокім філасофскім зместам, роздумамі героя, схільнага да рэфлексіі, да тонкіх перажыванняў, твор пазбаўлены, аднак, статыкі, апісальнасці. Сюжэт яго дынамічны. Але заснаваны ён не на голай падзейнасці, не на дэтэктыўных калізіях і сітуацыях, а на руху думак і пачуццяў героя. Уласна і сам герой увесь час знаходзіцца ў няспынным руху, у дарозе, у пошуках адказу на хвалюючыя пытанні (адезд на працу, паездка ў цягніку, прыгоды па дарозе на пошту, вандроўка па віленскіх вуліцах, вяртанне з балаголам у родную вёску, наведванне могілак). А вобраз дарогі – гэта сімвал шляху, якім Беларусь мае ісці ў будучыню.

Кніга «На імперыялістычнай вайне» – заключная частка трылогіі аб блуканнях па пакутах беларускай інтэлігенцыі ў асобе сялянскага сына Лявона Задумы. Гэта і новы этап станаўлення героя як асобы, грамадзяніна, абаронцы гуманізму і духоўных асноў жыцця. Нездарма пісьменнік даручыў маладому каморніку весці ваенны дзённік, зрабіў яго летапісцам гісторыі народа ў адзін з трагічных перыядаў жыцця. Наватарскае значэнне кнігі ў тым, што яна стаіць ля вытокаў жанру беларускай мастацкай дакументалістыкі. У аснову кампазіцыі твора пакладзены прынцып свабоднага чаргавання абектывізаваных малюнкаў ваеннай паўсядзённасці, акопнага побыту і роздумаў, разважанняў героя. Але кніга пазбаўлена эклектыкі, яна ўнутрана цэласная, па-мастацку завершаная. Цэментуючым пачаткам, які абяднаў разрозненыя апісанні ў арганічнае адзінства, выступае абагульняючая думка мастака, пункт яго гледжання, маральная пазіцыя. Стрыжнёвая лінія «Запісак…» – адлюстраванне вайны ў яе рэальным абліччы. Асобным выданнем «Запіскі…» выйшлі ў 1926 г. і былі прыхільна сустрэты крытыкай, якая слушна адзначыла іх глыбокую праўдзівасць і жанравае наватарства (форма дзённіка). Рабіліся спробы разглядаць твор у кантэксце еўрапейскай антываеннай літаратуры (параўнанне з вядомым рамана А. Барбюса «Агонь»).

Кніга «На імперыялістычнай вайне» знаменавала далейшае ўзыходжанне пісьменніка на вышыні эпічнай творчасці. Гэты быў і яшчэ адзін крок у асваенні буйной формы, якой павінна была стаць «Камароўская хроніка» – галоўная кніга М. Гарэцкага. Як засведчыў брат пісьменніка, «Максім настолькі захапляўся збіраннем матэрыялу да «Камароўскай хронікі», што зрабіў у 1926 годзе адмысловае падарожжа ў Сібір, бо туды вялі жыццёвыя шляхі некаторых герояў» (Гарэцкі М. Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984. С. 13.). Вынікам даволі працяглай вандроўкі (чэрвень – ліпень) ад Масквы да Благавешчанска сталі «Сібірскія абразкі», якія можна ацэньваць і як самастойны цыкл, цікавы шмат у якіх адносінах. У прыватнасці, сюжэт большасці «абразкоў» пабудаваны на падзеях і зявах паслякастрычніцкай пары: а гэта дае магчымасць прасачыць, як адбывалася фарміраванне светапогляду пісьменніка і якім было ўспрыманне новай, савецкай рэчаіснасці. Галоўная тэма «Сібірскіх абразкоў» – лёс беларусаў-перасяленцаў, якія пакінулі родны край у пошуках лепшай долі.

М. Гарэцкі працягваў таксама творчую працу над цыклам кароткіх апавяданняў пад назвай «Люстрадзён». Творы цыкла падпісаны псеўданімам Мізэрыус Монус. Сваім зместам і агульнай скіраванасцю «Люстрадзён» крыху адрозніваецца ад «Сібірскіх абразкоў». Так, у асобных апавяданнях («Пагранічны інцыдэнт на Амуры», «Асляпёны конь») мела месца пісьменніцкая ўступка ідэалагічным патрабаванням часу. Яе можна бачыць у тэндэнцыйнай абмалёўцы дзейных асоб, у спрошчаным падыходзе да раскрыцця псіхалогіі чалавека і вытлумачэнні яго паводзін. I ўсё ж уступкі М. Гарэцкага палітыцы мелі абмежаваны характар, яны не закраналі сутнасных асноў творчасці.

Працу над «Люстрадзёнам» М. Гарэцкі, аднак, не паспеў закончыць, бо 18 ліпеня 1930 г. ён быў арыштаваны органамі АДПУ, і большасць апавяданняў цыкла засталася ў рукапісах. М. Гарэцкаму інкрымінавалі знаходжанне з 1924 г. у літаратурнай групе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». Сфабрыкаваныя абвінавачванні пісьменнік адмёў і вінаватым сябе не прызнаў. Тым не менш ён быў асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку. Амаль адначасова з Максімам Гарэцкім быў арыштаваны і яго брат Гаўрыла Гарэцкі, які праходзіў, аднак, па іншай справе – па справе «працоўнай Сялянскай партыі» – і быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай пазней на дзесяць гадоў канцлагеру.

Са дня арышту да 10 красавіка 1931 г. М. Гарэцкі знаходзіўся за кратамі, а да 25 чэрвеня – у перасылцы з Мінскай турмы. Умовы жыцця палітычнага ссыльнага ў Вятцы былі надзвычай складанымі. Цяжка было знайсці жытло і сталую працу. М. Гарэцкі рабіў спробы ўладкавацца карэктарам у газеце «Вятская правда», чарцёжнікам у Земтрэсце, рахункаводам падгароднай гаспадаркі, грузчыкам на прыстані. Нарэшце ўдалося паступіць на фабрыку вучэбных дапаможнікаў чарцёжнікам.

У 1932 г. яго прызначылі тэхнікам-каштарыснікам завода Вучпалітэхабсталявання, потым тэхнікам-калькулятарам у Вяткабудзе. Доўгі час жыў на вышках, «на другім, недабудаваным, паверсе дома», а затым пашчасціла зняць прахадны пакойчык, у якім «дваім ледзь павярнуцца». Драматычныя перыпетыі жыцця ў Вятцы М. Гарэцкі адлюстраваў у лістах да жонкі. Перапіска з Леанілай Усцінаўнай – гэта эпісталярны нарыс, які зяўляецца дакументальным абвінаваўчым актам супраць бесчалавечнай палітычнай сістэмы. За скупымі, лаканічнымі паведамленнямі са старонак нарыса паўстае трагедыя беларускай інтэлігенцыі, кінутай па волі абаронцаў таталітарнага ладу на здзек і фізічнае вынішчэнне. Лісты яскрава паказваюць, якія тытанічныя намаганні спатрэбіліся М. Гарэцкаму, каб не ачарсцвець душою, не расчаравацца ў жыцці, не страціць веру ў людзей. А прычын для скрухі і адчаю было багата. Перш за ўсё – недарэчныя абвінавачванні, несправядлівы прысуд, крыўда на тых, хто паверыў паклёпнікам, пазбавіў магчымасці займацца творчай працай. Несціханым болем заставаўся для палітссыльнага лёс жонкі і малых дзяцей, якія на доўгі час апынуліся ў прыгнечаным маральным становішчы, без падтрымкі і сродкаў існавання. I ўсё ж неадольная прага тварэння жыла ў сэрцы М. Гарэцкага. У літаратурнай працы ён спадзяваўся знайсці паратунак, забыцца пра нанесеныя крыўды, сцвердзіць сваю чалавечую існасць, споўніць доўг мастака-грамадзяніна.

Па-першае, пісьменнікам быў завершаны раман «Віленскія камунары», які належыць да буйных здабыткаў беларускай раманістыкі, усёй нацыянальнай прозы. Адзначым, што ранейшыя ацэнкі твора патрабуюць істотнага перагляду. Так, ролю і значэнне рамана трэба бачыць не ў тым, што яго аўтар нібыта сцвердзіў у вобразнай форме ідэю непазбежнасці выхаду працоўных мас на гістарычную арэну і паказаў, як народ з ахвяраў гісторыі становіцца яе творцам, рухаючай сілай. I адносіны пісьменніка да вопыту віленскіх камунараў, якія са зброяй у руках выступілі на абарону савецкай улады, у сапраўднасці не такія апалагетычныя, як вынікае з ранейшых даследчых прац. Гэта ж трэба сказаць і адносна пісьменніцкай канцэпцыі рэвалюцыі. Непрадузяты аналіз рамана паказвае, што ў сваіх поглядах на Кастрычнік М. Гарэцкі застаўся, па сутнасці, на тых жа ідэйных пазіцыях, што і ў аповесці «Дзве душы». Толькі выяўлены погляды не адкрыта, а апасродкавана, логікай сюжэтнага развіцця, праз выбар формы апавядання, якое вядзецца ад імя галоўнага героя. Такая форма абумоўлена імкненнем М. Гарэцкага замаскіраваць ад пільнага цэнзарскага вока сваё разуменне сацыялістычнай рэвалюцыі, схавацца за героя-апавядальніка. Гэтае разуменне найбольш выразна выяўлена М. Гарэцкім у заключных частках рамана-хронікі, дзе «віленскія камунары» аказваюцца пераможанымі. Пісьменніцкая ўвага якраз і засяроджваецца на высвятленні прычын паражэння. Прычынаю ж было тое, што камунары аказаліся заложнікамі ідэі ўзброенай барацьбы як нібыта адзінага, універсальнага сродку вырашэння сацыяльных супярэчнасцей. У рамане пераканальна паказана, што партыйныя кіраўнікі мелі цьмянае ўяўленне аб настроях, якія панавалі ў вёсцы і ў горадзе.

М. Гарэцкі падае разважанні аднаго з рабочых-актывістаў аб тым, што нібыта «вёска настроена для нас надта добра, сяляне спачуваюць бальшавікам, чакаюць загадаў». Але жаданае тут выдавалася за існае: калі пачалося паўстанне, на дапамогу камунарам ніхто не прыйшоў! Вось так у пісьменніцкім асвятленні выглядала на практыцы так званая ўсенародная падтрымка рэвалюцыі, якую спрабавалі ажыццявіць «віленскія камунары». Як вынікае са зместу твора, авантурызм кіраўнікоў Рэўваенсавета, іх адарванасць ад народа, уласцівы ім дух сектанцтва, фанатызм і прывялі да паражэнкя.

Па-другое, М. Гарэцкі прадоўжыў працу над «Камароўскай хронікай», якую з поўным правам можна расцэньваць як унікальную зяву ў гісторыі беларускай літаратуры. Гэта – галоўная кніга мастака, справа ўсяго творчага жыцця. Тут знайшлі сваё ўвасабленне працяглыя маральна-філасофскія пошукі М. Гарэцкага, яго роздум над кардынальнымі праблемамі чалавечага існавання. Разам з тым «Камароўская хроніка» – гэта шмат у якіх адносінах твор будучых часоў, літаратуры XXI ст.

Невыпадкова М. Гарэцкі з такой апантанасцю працаваў над ім і так палка марыў убачыць твор завершаным. «Ну, нічога. Усё нічога. Усё добра будзе. Каб толькі мне напісаць гэтую сваю «Хроніку». Гэта была б рэч, што на працягу пэўнага часу нейкую цану мае».

Відавочна, што ва ўмовах высылкі М. Гарэцкі быў пазбаўлены магчымасці не толькі дапоўніць ранейшыя запісы, але і апрацаваць іх належным чынам дзеля паўнейшага ўвасаблення маштабнай мастацкай задумы – даць шырокую панараму жыцця беларускага народа на вялікім гістарычным адрэзку – ад эпохі прыгоннага права і да канца 30-х гадоў XX ст. I хоць твор застаўся незавершаным, недапрацаваным, М. Гарэцкі здолеў дакументальна-мастацкімі сродкамі намаляваць у ім яскравы эпічны вобраз эпохі, выявіць праз лёсы герояў змястоўную філасофскую канцэпцыю жыцця.

Неспрыяльныя абставіны жыцця ў Вятцы, а затым і гвалтоўная смерць перашкодзілі М. Гарэцкаму завяршыць не толькі «Камароўскую хроніку», але і шэраг іншых твораў, у прыватнасці «Лявоніус Задумекус», «Скарбы жыцця» і «Кіпарысы». Пісаліся яны ў розны час: «Задумекус» у другой палове 1931 – пачатку 1932 г., «Скарбы» – у 1932–1935, а магчыма і ў 1937 г. «Кіпарысы» – гэта апрацаваныя на высылцы дзённікавыя занатоўкі 1928 г. (Полымя. 1993. №2. С. 116–121.).

Творы гэтыя ўпершыню пабачылі свет больш чым праз паўстагоддзе пасля забойства пісьменніка. Першыя два з іх у новым святле раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака і разам з адпаведнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» кладуць пачатак эстэтычнаму асваенню беларускай літаратурай тэмы сацыялістычнага ГУЛАГа.

У лістападзе 1937 г. Максім Гарэцкі быў зноў арыштаваны і пастановай тройкі НКУС Смаленскай вобласці прысуджаны да расстрэлу. Прысуд выкананы 10 лютага 1938 г. Трагічная смерць заўчасна абарвала жыццё выдатнага пісьменніка, творчасць якога ўяўляе адну з найбольш змястоўных старонак гісторыі беларускай літаратуры і ўвогуле нацыянальнай культуры.


Спіс выкарыстаных крыніц

гарэцкі беларуский літаратурный дзеяч

1. Мушынскі М.І. Максім Гарэцкі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 381–426.

2. Яцухна В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай паловы ХХ стст. – Гомель, 2004.

3. Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Мн., 1984–1986. Т. 1–4.

4. Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. Мн., 1990.

5. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры / Уклад. і падрыхт. тэксту Т.С. Голуб. Мн., 1992.

6. Мушынскі М. На пераломе эпох // Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. С. 481–482.

Скачать архив с текстом документа