Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя

СОДЕРЖАНИЕ: Характарыстыка Беларусі ва ўмовах сусветнай вайны і лютаўскай рэвалюцыі. Мадэрнізацыя расійскага грамадства і ўсталяванне новага ладу ў краіне. Дзейнасць органаў Часовага ўрада і палітычных сіл вясной - летам 1917 г. Нацыянальны рух і звяржэнне самаўлады.

Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя


Змест

1. Беларусь ва ўмовах сусветнай вайны

2. Лютаўская рэвалюцыя і ўсталяванне новага ладу на Беларусі

3. Дзейнасць органаў Часовага ўрада і палітычных сіл вясной- летам 1917 г.

4. Беларускі рух вясной-летам 1917 г.

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Беларусь ва ўмовах сусветнай вайны

На пачатку ХХ стагоддзя Еўропа ўяўляла сабой нестабільны ў палітычных адносінах рэгіён, асабліва пасля таго, як паміж яе буйнейшымі дзяржавамі – Англіяй, Францыяй і Расіяй – з аднаго боку, і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй і Італіяй – з другога, былі заключаны ваенна-палітычныя пагадненні. Да блокаў (адпаведна) Антанты і Траістага саюза ў 1914 г. пэўным чынам далучаліся іншыя, менш уплывовыя краіны. Кожны з блокаў меў уласныя iнтарэсы, звязаныя, з усталяваннем гегемоніі на еўрапейскім кантыненце, кантролю над слабаразвiтымi краiнамi і калонiямі.

Падставай для пачатку вайны паслужыла забойства 15 чэрвеня 1914 г. у Сараеве (Боснiя) нашчадка аўстра-венгерскага трона эрцгерцага Франца-Фердынанда. Ультыматум, прад’яўлены Аўстра-Венгрыяй на адрас Сербii, закранаў яе прэстыж i таму быў адхiлены. 17 ліпеня Расiя пачала мабiлiзацыю, дэманструючы гатоўнасць абаранiць Сербiю. Кайзер Вiльгельм II запатрабаваў ад Мiкалая II спынення мабiлiзацыi i, не дачакаўшыся cтаноўчага адказу, 19 лiпеня 1914 г. аб’явiў вайну Расii, 21 лiпеня – Францыi. 22 ліпеня вайну Германіі аб’явіла Англія, а 10 жнiўня Японiя. Праз колькі часу ў баявыя аперацыі былі ўцягнуты 33 краiны з 75 % насельнiцтва свету (звыш 1, 5 млрд чал.).

Першымі баявыя дзеяннi пачалі войскі Германiі, якія 20 ліпеня перасеклі тэрыторыю Бельгiі i рушылі на Парыж. Каб ліквідаваць пагрозу захопу французскай сталiцы, па просьбе саюзнікаў дзве рускiя арміі распачалi наступленне ва Усходняй Прусii. Ужо першыя баі выявілі сур’ёзную перавагу праціўніка ва ўзбраенні, тэхнічных сродках, ваенным майстэрстве. У вынікі рускія войскі былі цалкам знішчаны. Летам наступнага, 1915 г. германская армія захапіла Царства Польскае і палову беларускіх зямель. Расійская іх частка ўяўляла сабой прыфрантавую зону з насельніцтвам каля 6 млн чал. У гарадах і вёсках скапілася да 500 тыс. бежанцаў без сродкаў існавання. Цэнтрамi iх згуртавання з’яўлялiся камiтэты дапамогi ахвярам вайны, якія будаваліся па нацыянальнай прыкмеце.

З-за наплыву бежанцаў павялічылася колькасць жахароў Мінска (да 250 тыс.), Вiцебска – (да 120 тыс.), Магiлёва – (да 75 тыс.), Гомеля (да 100 тыс.), Бабруйска (да 50 тыс.) і інш. Тут жа размясціліся прадпрыемствы арганiзацый па абслугоўваннi фронту – Усерасiйскага Земскага Саюза (УЗС), Усерасiйскага Саюза Гарадоў (УСГ), Земска-Гарадскога Саюза (Земгара), Ваенна-прамысловага камiтэта (ВПК).

За час вайны на Беларусi большасць існаваўшых прадпрыемстваў (79 са 134) вырабляла боепрыпасы, абмундзіраванне, абутак і інш. Выраб тавараў народнага спажывання складаў толькі шостую-сёмую частку ад даваеннага ўзроўню. Агульная колькасць рабочых, занятых у прамысловасцi, на абарончых прадпрыемствах, на чыгунцы i г. д. складала каля 270 тыс. Недахоп працоўных абумовiў дастаўку на Беларусь тысяч работнiкаў з Сiбiры, Сярэдняй Азii, Далёкага Ўсходу.

Частыя мабілізацыі негатыўна адбіваліся і на стане сельскай гаспадаркі. Па прычыне недахопу працоўных рук скарачэнне пасяўных плошчаў дасягнула ў 1916 г. 15%. Жорсткая харчовая палітыка царскага ўрада прымушала вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі прадаваць яе рэквізіцыйным службам па нявыгадных цвёрдых цэнах. З-за недахопу прадуктаў і грашовай інфляцыі іх кошт значна ўзрос і рабіўся недаступным для працоўных.

За час вайны ў расійскую армію было мабілізавана каля 13 млн чал., у тым ліку да 40-50% мужчын беларускіх губерняў. У 1916-1917 г. тут размяшчалася амаль 2 млн салдат і афіцэраў Заходняга (галоўнакамандуючы А. Эверт) i асобных армiй Паўночнага франтоў (галоўнакамандуючы М. Рузскi). Цывільную адмiнiстрацыю ўзначальвалі губернатары (Мiнскай губ. – У. Друцкi-Сакалiнскi, Магiлёўскай – Дз. Яўленскi і Вiцебскай – Б. Хiтраво).

Удзельная вага беларусаў пасля масавых мабiлiзацый на фронт, найму працоўных з цэнтральных раёнаў Расii, размяшчэння эвакуiраваных з Польшчы i Прыбалтыкi прадпрыемстваў i устаноў, вымушаных мiграцый, бежанства i г. д. знiзiлася з 85 да 61,8%.

На Беларусі быў усталяваны асобы рэжым кiравання i забеспячэння парадку жыццядзейнасцi у адпаведнасцi, у першую чаргу, з iнтарэсамi абароны краiны i баяздольнасцi фронту. Ён выяўляў сябе ў iснаваннi надзвычайных законаў i у вызначальнай ролi ваенных чыноў перад грамадзянскiмi. Так, у адпаведнасці з цыркулярам Аб мерах да папярэджання i перапынення фабрычных забастовак, яго парушальнiкi неадкладна звальнялiся i адпраўлялiся на фронт. Дзейнасць прафесiйных саюзаў забаранялася. Законы ваеннага часу прадугледжвалі ўвядзенне працоўнай павiннасцi на карысць фронта, практыку аблаў сярод насельнiцтва з мэтай затрымання дэзерцiраў i тых, хто ўхiляўся ад вайсковай службы; высылку недабранадзейных углыб Расii, абмежаванне магчымасцяў людзей выбiраць месца жыхарства i працы, збiрацца на сходы, нават перапiсвацца па пошце.

Мясцовыя ўлады ў сваiм iмкненнi забяспечыць адпаведны парадак i дапамогу фронту абапіралася на дзяржаўную iдэалогiю, якая ўвасобiлася ў лозунгу – За цара, веру i айчыну. З апорай на яго ў грамадскую свядомасць укаранялася неабходнасць падтрымкi расiйскай армii, якую ўзначальваў сам Імператар, для давядзення вайны да пераможнага канца i ганаровага мiру. Iдэяй аб’яднання народа вакол цара у барацьбе з ворагам была прасякнута ўся ваенная і цывільная прэса. Вайна, што працягвалася, называлася iмi не iнакш, як Вялiкая Айчынная або Другая Айчынная.

Большасць насельнiцтва ўсведамляла неабходнасць вайны. Разам з тым на Беларусi, як i паўсюдна, iснавалi пэўныя антываенныя настроi. Іх носьбітамі з’яўляліся прадстаўнікі левай плыні сацыялістаў, якія выступалі за паражэнне Расіі і за ператварэнне вайны з імперыялістычнай у грамадзянскую. Аб нежаданні ваяваць сведчылі ўцёкі салдат з фронта і ўхіленне ваеннаабавязаных ад прызыву ў армію. Аб тым жа сведчылі падзеі ў Гомелі ў кастрычніку 1916 г., дзе адбылося паўстанне салдат размеркавальнага пункту. У цэлым жа, узброеныя сілы заставаліся дастаткова баяздольнымі. На вяснулета 1917 г. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання, якая размяшчалася ў Магілёве, распрацавала план наступлення, якое павінна было завяршыцца доўгачаканай перамогай

Такім чынам, асноўная маса насельніцтва Беларусі адкрыта не выказвала незадавальнення сваім становішчам і цярпліва выконвала свае грамадзянскія абавязкі. Чуткі аб хуткім заканчэнні вайны былі настолькі моцнымі, што дадому сталі вяртацца бежанцы Так, 25 лютага 1917 г. мінскі губернскі земскі сход разглядаў праект аб інвакуацыі 10 000 бежанцаў, а на адрас губернатара паступалі тысячы хадайніцтваў аб вяртанні дадому.

2. Лютаўская рэвалюцыя і ўсталяванне новага ладу на Беларусі

Велiзарныя людскiя, матэрыяльныя i маральныя страты, якiя цярпела расiйскае грамадства на працягу трох год вайны, моцна пахiснулі аўтарытэт цара і веру ў пераможнае заканчэнне вайны. Пачатак рэвалюцыi быў звязаны з выступленнямi рабочых Петраграда за паляпшэнне свайго становiшча. 23 лютага 1917 г. тысячы людзей, галоўным чынам жанчын, выйшлi на вулiцы сталiцы з патрабаваннем хлеба. Іх падтрымалі рабочыя прадпрыемстваў, якія спынілі працу і аб’явілі забастоўкі пратэсту. Неўзабаве стыхійныя мітынгі ператварылiся ў масавыя дэманстрацыi пад палiтычнымi лозунгамi аб спыненні вайны і звяржэнні ўрада. 25-26 лютага салдаты адмаўлялiся страляць у дэманстрантаў, затым самі сталi далучацца да іх і агульнымі намаганнямі раззбройваць палiцыю i жандараў. Развiццё падзей выйшла з-пад кантролю ўрада i назаўтра ён быў арыштаваны паўстанцамі.

У выніку пратэстны рух сталічных працоўных, узмоцнены ўдзелам салдат, перарос ва ўзброенае паўстанне супраць царскага ўрада i абумовiў перамогу рэвалюцыi па ўсёй краіне. 27 лютага з удзелам дэпутатаў Дзяржаўнай думы i кiраўнiкоў Петраградскага Савета быў створаны новы орган улады – Часовы камiтэт (старшыня М. Радзянка), які звярнуўся да кіраўніцтва гарадскіх і земскіх самакіраванняў з адозвай аб падтрыманні грамадскага парадку.

Ранiцай, 28 лютага Мікалай ІІ выехаў з Магiлёва ў напрамку Царскага Сяла, але яго эшалон быў спынены i завернуты на Пскоў. Там 2 сакавiка i адбылося адрачэнне цара ад трона на карысць брата Мiхаiла. Але апошнi адмовiўся заняць яго да часу, пакуль Устаноўчы сход не дасць на тое сваю згоду. У вынiку вышэйшая ўлада ў краiне перайшла да Часовага ўрада. 2 сакавiка быў сфармiраваны яго склад на чале з Г. Я. Львовым, куды ўвайшлi думскія дзеячы з ліку кадэтаў і акцябрыстаў, а таксама 1 сацыялiст – А. Ф. Керанскi, якi заняў пасаду мiнiстра юстыцыi. 3 сакавiка была распаўсюджана Дэкларацыя Часовага ўрада, у якой абвяшчалася праграма яго дзейнасці, а таксама амнiстыя палiтычным зняволеным, скасаванне палiцыi i жандармерыi, наданне ўсiм грамадзянам дэмакратычных правоў і свабод.

Скасаванне самаўладдзя – асноўнае дасягненне Лютаўскай рэвалюцыі. Аўтарытарная сістэма кіравання была разбурана, але інстытут прыватнай уласнасці застаўся непахісным: па-ранейшаму заставалася непарушным памешчыцкае землеўладанне, большасць фабрык, заводаў, банкаў належалі прыватным асобам. Але з наданнем усім грамадзянам роўных правоў і свабод узнікла магчымасць вырашэння наспелых грамадскіх і эканамічных праблем мірным, рэфармісцкім шляхам. Аптымістычнай падставай таму з’яўлялася шырокая падтрымка Часовага ўрада і яго палітыкі і ўзросшая актыўнасць усіх пластоў насельніцтва ў галіне абароны сваіх інтарэсаў. Важна адзначыць, што нідзе па краіне, у тым ліку на Беларусі, не назіралася актыўнасці прыхільнікаў манархіі. Пасля адрачэння Раманавых ад трона вышэйшае ваеннае камандаванне, а таксама афіцэры і салдаты вызваляліся ад дадзенай цару прысягі і пакляліся ў вернасці Часоваму ўраду.

Такім чынам, усе ўзброеныя сілы, у тым ліку паўтарамільённы Заходні фронт, размешчаны на Беларусі, зрабіліся рэальнай апорай новых органаў улады, якія толькі пачалі фарміравацца. На пераходным этапе іх функцыі ўскладаліся на гарадскія і местачковыя грамадскія камітэты парадку, створаныя на базе мясцовых самакіраванняў і прадстаўнікоў ад усіх пластоў насельніцтва і арганізацый. Замест скасаванай паліцыі і жандармерыі ахова правапарадку была ўскладзена на народную мiлiцыю. 4 сакавіка першы яе атрад, складзены ў Мінску з рабочых і служачых УЗС, узначаліў славуты змагар супраць самаўладдзя М. В. Фрунзе. Надалей, замест царскіх губернатараў і павятовых земскіх начальнікаў былі ўведзены пасады губернскіх і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія занялі адпаведныя старшыні земстваў. Замест сялянскіх валасных упраў пачалося абранне ўсесаслоўных валасных камітэтаў. У выніку камісарыят Віцебскай губ. узначаліў М. Л. Карташоў, Магілёўскай – В. А. Судзілоўскі, Мінскай – Б. М. Самойленка. Характэрнай прыкметай новага дэмакратычнага ладу стала тое, што адміністрацыя перастала прызначацца звыш, а стала абірацца ўсімі пластамі грамадства, аб’яднанага ў палітычныя і грамадскія арганізацыі. Судовая сістэма істотна памянялася. Зараз суддзі мусілі абірацца грамадскасцю. Асобныя законы (аб пакаранні смерцю, палітычных праследаваннях і інш.) і цэнзура скасоўваліся. Усе палітычныя зняволеныя атрымалі свабоду і амністыю.

Таксама скасоўваліся ўсе рэлігійныя і нацыянальныя абмежаванні. Асабліва шчыра віталі гэты закон яўрэі, якія да таго адчувалі жорсткі дыскрымінацыйны прэс царскага ўрада. Часовы ўрад пацвердзіў права палякаў на адраджэнне іх дзяржаўнасці пасля заканчэння вайны і склікання Ўстаноўчага сходу.

У мэтах згуртавання вайскоўцаў і працоўных для падтрымання парадку і прадухілення контррэвалюцыі ў гарадах і мястэчках сталі ўтварацца класавыя прадстаўнічыя арганізацыі – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сакавіку ў ліку першых яны ўзніклі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Оршы, Віцебску. Крыху пазней, у красавікумаі сталі фарміравацца Саветы сялянскіх дэпутатаў. Большасць Саветаў наладзіла выданне сваіх газет. Паступова Саветы сталі самымі масавымі грамадска-палітычнымі арганізацыямі, якія не толькі змагаліся за інтарэсы працоўных і салдат, а і дапамагалі органам Часовага ўрада. У ліку найбольш уплывовых рабоча-салдацкіх Саветаў былі Мінскі, Гомельскі, два Віцебскія, Магілёўскі, Бабруйскі, Аршанскі, Рагачоўскі, Полацкі і іншыя.

Найбольш аўтарытэтным для ўсіх расійскіх Саветаў, у тым ліку і створаных на Беларусі, быў Петраградскі Савет (старшыня меншавік М. С. Чхеідзе), які вызначаў сваё стаўленне да Часовага ўрада адпаведнасцю яго палітыкі інтарэсам так званай рэвалюцыйнай дэмакратыі – рабочых, салдат, сялян, іх партый і арганізацый. Адначасова Петраградскі Савет выяўляў прыкметы паралельнага органа ўлады. Так, ужо 14 сакавіка яго Выканаўчы камітэт звярнуўся да працоўных ваюючых краін з заклікам да ўціску на свае ўрады з мэтай хутчэйшага заключэння міру. У далейшым тэндэнцыя да ўзнікнення двоеўладдзя стала ўзрастаць, асабліва пасля сфарміравання ў чэрвені 1917 г. новага цэнтра рэвалюцыйнай дэмакратыі – Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага камітэта Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў Беларусі з моманту свайго ўтварэння таксама падтрымалі Часовы ўрад і сваёй далейшай дзейнасці арыентаваліся на Петраградскі Савет. Вясною Саветы (усяго каля 40) на Беларусі дзейнічалі ва ўсіх губернскіх, павятовых гарадах і нават некаторых мястэчках. Сваю задачу яны бачылі ў арганізацыі і палітычнай асвеце рабочых і салдат, абароне іх інтарэсаў, а таксама ў падтрымцы органаў Часовага ўрада. Для ўтварэння Саветаў сялянскіх дэпутатаў, адбывалася іх зліццё і сумесная дзейнасць у адпаведнасці з курсам Петраградскага Савета і новых цэнтраў рэвалюцыйнай дэмакратыі – Усерасійскімі выканкамамі рабочых і салдацкіх, а таксама сялянскіх дэпутатаў. У адрозненне ад сталіцы, ніякіх прыкмет наяўнасці двоеўладдзя на Беларусі не назіралася.

Намаганнямі Саветаў, земстваў, вясковай інтэлігенцыі ўдалося перасекчы разрастанне аграрнага руху. Сялянам тлумачылася сутнасць перамены ўлады, неабходнасць далейшай дапамогі фронту і чакання Ўстаноўчага сходу. У выніку сяляне абавязаліся прадаваць прадукты толькі дзяржаўным нарыхтоўшчыкам і тым падтрымліваць хлебную манаполію дзяржавы.

Ажыццяўленню сялянскіх інтарэсаў спрыялі створаныя Саветы сялянскіх дэпутатаў. Першы на Беларусі сялянскі з’езд Мінскай і Віленскай губ. адбыўся 20-23 красавіка. Яго старшынёй быў абраны М. Фрунзе. З мая па распараджэнні Часовага ўрада ў мэтах барацьбы з аграрным рухам і для падрыхтоўкі да Ўстаноўчага сходу пачалі стварацца адмысловыя зямельныя камітэты.

Рабочы рух таксама вызначаўся высокай актыўнасцю. Ужо ў красавіку-маі, дзякуючы Саветам і прафсаюзам, асноўная маса буйных прадпрыемстваў перайшла на 8-гадзінны працоўны дзень.

Перамога рэвалюцыі абумовіла магчымасць ліквідаваць рэшткі царскіх парадкаў ва ўзброеных сілах. Пасля з’езда салдацкіх і рабочых Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску 7-17 красавіка, салдаты ўтварылі ўласныя камітэты, дамагліся дэмакратызацыі армейскага жыцця і ўраўнання ў правах з астатнімі грамадзянамі. У цэлым, у сакавіку-красавіку армія была дастаткова моцнай, каб пачаць наступленне і наблізіць мір. Разам з тым па прычыне захаплення салдат антываеннымі лозунгамі і братаннямі, недаверу да камандзіраў і г. д. вызначылася небяспечная тэндэнцыя да зніжэння баяздольнасці рускай арміі.

Актывізавалася дзейнасць адроджаных і зноў створаных агульнарасійскіх (РСДРП, ПС-Р, Канстытуцыйных дэмакратаў, якія сталі звацца Партыя народнай свабоды) і нацыянальных (яўрэйскіх, польскіх, беларускіх і інш.) партыйных арганізацый. Разам з імі пашырыліся ліберальныя, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя, нацыянальныя і інш. погляды на далейшыя шляхі грамадскага і дзяржаўнага развіцця, якія прапагандаваліся на шматлікіх мітынгах, сходах, з’ездах, на старонках газет. У выніку зноў створаныя дзяржаўныя і грамадскія структуры сталі актыўна папаўняцца членамі партый, што непазбежна вяло да палітызацыі іх дзейнасці, галоўным чынам у напрамку першаступеннай рэалізацыі не агульных, вузкапартыйных інтарэсаў.

Палітычнае становішча на Беларусі вясною 1917 г. характарызавалася поўным знікненнем ваенна-паліцэйскага рэжыму, ажыццяўленнем абвешчаных Часовым урадам свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў і інш. Акрамя таго, армія і народ падтрымалі яго заклікі аб працягу вайны ў мэтах абароны рэвалюцыі і канчатковым вырашэнні наспелых сацыяльна-эканамічных, нацыянальных і іншых праблем толькі пасля склікання Ўстаноўчага сходу.

3. Дзейнасць органаў Часовага ўрада і палітычных сіл вясной- летам 1917 г.

З усталяваннем у краіне дэмакратычнага рэжыму і ў адпаведнасцi з абвешчанымі ў Дэкларацыі ад 3 сакавiка 1917 г. свабодамі, у тым ліку свабодай саюзаў і арганізацый, паўсюдна пачалося аднаўленне ранейшых і стварэнне новых партыйных арганізацый. На Беларусі асобую актыўнасць выяўляў рабочы клас, салдаты, служачыя, інтэлігенцыя, чыноўнікі, прадпрымальнікі, памешчыкі, нацыянальныя групоўкі, у меншай ступені – сяляне. Перспектыва склікання ўсерасійскага Ўстаноўчага сходу арыентавала партыйныя арганізацыі на выкарыстанне парламенцкіх метадаў дасягнення сваіх мэт.

Па палітычным спектры ўсе (агульнарасійскія і нацыянальныя) партыі, якія дзейнічалі ў 1917 г. і пазней, падзяліся на левыя, цэнтрысцкія і правыя (ліберальныя). У працэсе рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства і дзяржавы палітычная пазіцыя цэнтрыстаў была неўстойлівай і па шэрагу пытанняў яны мелі ўласныя плыні.

Да ўсерасійскіх левых партый адносіліся анархісты і бальшавікі (РСДРП(б); да цэнтрысцкіх – меншавікі (РСДРП) з Бундам, эсэры (ПС-Р), трудавікі і народныя сацыялісты; да правых – Партыя народнай свабоды (ПНС) або кадэты і Союз 17 октября .

У адрозненне ад агульнарасійскіх, нацыянальныя партыі больш увагі надавалі менавіта нацыянальным, а не агульным праблемам. Але і яны групаваліся па палітычным спектры. Так, да польскіх левых належала ППС лявіца; да цэнтра – СДКПіЛ, ППС правіца; да правых – народныя дэмакраты (эндэкі).

Яўрэйскія левыя складаліся з Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі сацыялістаў-сіяністаў і сацыялістаў-тэрытарыялістаў (АЯСРП с.с. і с. е.), Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (ЯСДРП) Паалей Цыён; да цэнтру належалі Цэірэй Цыён, Фолкспартэй, Ахдус Ізраель; да правых – Альгемайне Цыён і інш.

БСГ з’яўлялася левай партыяй; Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) – цэнтрысцкай; Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) – правай партыяй.

Цэнтрамі палітычнага жыцця дэмакратычнай Расіі з’яўляліся сталічныя, а таксама губернскія і павятовыя гарады. Асноўную ролю ў ім адыгрывалі, як правіла, рабочыя, па партыйнай прыналежнасці – члены РСДРП (меншавікі) або бундаўцы. Іх погляды на бягучыя падзеі з’яўляліся вызначальнымі для астатняй масы рэвалюцыйнай дэмакратыі. Большасць сацыял-дэмакратаў, зыходзячы з ацэнкi рэвалюцыi як буржуазна-дэмакратычнай, падтрымала iдэю супрацоўнiцтва пралетарыята з буржуазiяй, а значыць i iдэю падтрымкi Часовага ўрада, у якім пераважалі кадэты.

Такiя ж пазiцыi, хоць i па iншых меркаваннях, займалi усё палiтычныя партыi, акрамя бальшавiкоў, якiя, з прыездам Леніна, заклікалі не аказваць падтрымкі Часоваму ўраду, як буржуазна-памешчыцкаму. На iх думку, улада павiнна была належаць Саветам рабочых i салдацкiх дэпутатаў.

18 красавіка міністр замежных спраў П. Мілюкоў у сваёй тэлеграме (ноце) на адрас саюзнікаў па Антанце запэўніў іх у няўхільным курсе Расіі на перамоганоснае заканчэнне вайны. Тым самым міністр праігнараваў імкненне рэвалюцыйнай дэмакратыі на дасягненне міру шляхам перагавораў. У адказ Петраградскі Савет, а пасля яго - іншыя Саветы і левыя партыі, рэзка асудзілі П. Мілюкова, а сам ён быў вымушаны падаць у адстаўку. У тых умовах у асяроддзі рэвалюцыйнай дэмакратыі узнікла і пашырылася ідэя аб сумесным (кааліцыйным) урадзе кадэтаў і сацыялістаў. Неўзабаве ў Часовы ўрад (прэм’ер-міністр Г. Львоў) увайшлі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў і народных сацыялістаў (энэсаў).

Партыя бальшавікоў рэзка адмоўна аднесліся да ідэі кааліцыі і называлі прыхільнікаў супрацоўніцтва з буржуазнымі партыямі згоднікамі і нават здраднікамі. Красавіцкі крызіс, акрамя іншага, адбіўся ў павышэнні актыўнасці бальшавікоў. Пад іх уздеяннем на франтах распаўсюдзіліся братанні і ўзмацнілася дэзерцірства.

Рэальнае стаўленне палітычных сіл і ўсяго грамадства ў цэлым да вайны выявілася 18 чэрвеня, калі па закліку Ўсерасійскага зезда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў у многіх гарадах краіны адбыліся маніфестацыі і мітынгі. На Беларусі яны прайшлі ў губернскіх і асобных (Бабруйск, Гомель) цэнтрах пад лозунгамі падтрымкі Часовага ўрада і распачатага наступлення рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту. Бальшавіцкія антываенныя заклікі на тых маніфестацыях поспеху не мелі, затое на пазіцыях іх уздзеянне набылі разбуральныя наступствы. У выніку многія часці адмовіліся выконваць загад камандавання і выступіць супраць ворага.

Наступленне рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту скончылася для іх катастрофай і абвастрыла маральна-палітычную напружанасць у грамадстве. Так, 3-4 ліпеня ў Петраградзе, часці гарнізона, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў і анархістаў, здзейснілі спробу звяржэння Часовага ўрада.

У адказ з мэтай умацавання дысцыпліны на фронце ўрад А. Керанскага ўвёў пакаранне смерцю і забараніў антыўрадавую агітацыю. У Мінску быў перапынены выхад бальшавіцкай газеты Звезда.

Палітычная напружанасць у краіне ўзрасла яшчэ больш, калі стала вядома аб пасылцы вярхоўным галоўнакамандуючым генералам Л. Г. Карнілавым казацкіх і іншых часцей на Петраград для замены войск бальшавізаванага гарнізона. Гэтая акцыя была ўзгоднена з прэм’ер-міністрам А. Керанскім, тым не менш, была ўспрынята як спроба дзяржаўнага перавароту і ўсталявання ваеннай дыктатуры.

Намаганнямі палітычных партый, Саветаў, салдацкіх камітэтаў, Саюзу чыгуначнікаў, большасці вышэйшага камандавання і г. д. узнікшы 25-26 жніўня карнілаўскі мяцеж скончыўся без кравапраліцця, а сам былы галоўнакамандуючы са сваім штабам здаўся. У ліку важнейшых наступстваў гэтага канфлікту было і тое, што колькасць прыхільнікаў кааліцыі з буржуазіяй рэзка зменшылася, ідэя ваеннага шляху ў дасягненні міру была канчаткова адкінута. Адначасова аўтарытэт бальшавікоў як змагароў за неадкладнае спыненне вайны і прыхільнікаў перадачы ўсёй улады Саветам істотна ўзрос.

Па меры развіцця рэвалюцыі прадстаўнікі ўсіх палітычных партый былі ўключаны ў органы дзяржаўнай улады – губернскія і павятовыя камісарыяты. Летам-восенню адбыліся выбары ў гарадскія думы і земствы, галоўным чынам па партыйных спісах, якія прынеслі перамогу левым партыям – эсэрам і меншавікам. Шматпартыйная сістэма, што ўсталявалася ў краіне, рабілася асноўнай крыніцай фарміравання органаў улады. Пры тым раскладзе палітычных сіл левыя партыі мелі найлепшыя шанцы атрымаць большасць ва Ўстаноўчым сходзе.

Бальшавікі таксама склалі свой выбарчы спіс у парламент, але адначасова яны ўзмацнілі ўсебаковую, у тым ліку канспіратыўную дзейнасць па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання пад лозунгам Уся ўлада Саветам. У цэлым, з вясны па восень усе палітычныя сілы ў сваім стаўленні да Часовага ўрада падзяліліся на яго безумоўных прыхільнікаў і не менш ваяўнічых праціўнікаў. Такія ж прынцыповыя разыходжанні назіраліся і ў адносінах да ваеннага, аграрнага, рабочага, нацыянальнага пытанняў. Кожная партыя ўсведамляла, што рэалізацыя іх стратэгічных мэт у многім залежыць ад таго, наколькі прывабнай для мас (як патэнцыяльных выбаршчыкаў) будзе палітычная праграма і тактыка кожнай з іх па азначаных пытанняў.

Што датычыць праблемы вайны, то вясной РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ лiчылі яе абарончай і таму заклiкалі да яе працягу да заключэння ганаровага мiру, без анексiй i кантрыбуцый. Партыйныя арганізацыі і падначаленыя ім Саветы ўзялі актыўны ўдзел у падпісцы на аблігацыі Пазыкі Свабоды для папаўнення дзяржаўнага бюджэту.

ПНС з’яўлялася прыхiльнiцай вайны да пераможнага канца. Яе пазіцыі падзялялі меншавікі-абаронцы (Г. Пляханаў) і энэсы. Яны таксама ўзялі ўдзел у рэалізацыі ваеннай пазыкі.

Бальшавiкі працягвалі лiчыць вайну iмперыялiстычнай, патрэбнай, быццам толькi буржуазii i памешчыкам, і таму выступалі за яе неадкладнае спыненне. Бальшавіцкі лозунг неадкладнага спынення вайны сталi падзяляць меншавiкi-iнтэрнацыяналiсты i левыя эсэры. Тым часам развал армія імкліва губляла сваю баяздольнасць.

Падрыхтоўка аграрнай рэформы таксама прыцягвала павышаную ўвагу грамадскасці. Задоўга да выбарчай кампаніі ва Ўстаноўчы сход кожная з партый абвясціла ўласны зямельны праект або аграрную частку праграмы).

Кадэты выступалі за надзяленне сялян зямлёй з дзяржаўнага фонда ў прыватную ўласнасць пры захаванні памешчыцкага землеўладання. Прадугледжвалася таксама перадача часткі памешчыцкіх зямель у дзяржаўны фонд, але толькі за пэўную кампенсацыю.

Народныя сацыялісты (энэсы і трудавікі) прапаноўвалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне (за кампенсацыю) і надзяляць сялян зямлёй па спажывецкай норме.

Сацыял-дэмакраты лічылі мэтазгоднымі нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе ў распараджэнне сясцовых органаў кіравання). Лічучы сялян дробнай буржуазіяй, яны імкнуліся рэалізацыяй сваёй праграмы паспрыяць інтарэсам сельскіх пралетарыяў. Бальшавікі як сацыял-дэмакраты выступалі за нацыяналізацыю зямлі, але заклікалі да неадкладнай ліквідацыі памешчыцкага землеўладання да склікання Ўстаноўчага схода, перадаваць зямлю сялянам.

Правыя меншавікі (Г. Пляханаў і інш.) лічылі, што не трэба адбіраць зямлі ў памешчыкаў, каб не пладзіць новых жабракоў.

Сацыялісты-рэвалюцыянеры прапанавалі праект сацыялізацыі: канфіскацыя памешчыцкай зямлі, лясоў і нетраў; надзяленне зямлёй тых, хто яе апрацоўвае па працоўна-спажывецкай норме з забаронай яе продажу і эксплуатацыі наёмнай сілы. Але ў маі, адразу пасля І Ўсерасійскага з’езда сялянскіх дэпутатаў зямельныя камітэты, на чале з эсэрамі сталі перадаваць памешчыцкія землі сялянам. У выніку ўжо з канца лета аграрны рух з лакальнага і стыхійнага стаў ператварацца ў арганізаваны. Акрамя таго, пад уздзеяннем бальшавіцкай прапаганды сяляне секлі лес, захоплівалі пашу, сенакосы, землі, не чакаючы Ўстаноўчага сходу.

Па меры пагаршэння эканамічнай сітуацыі ўсе левыя партыі патрабавалі ад Часовага ўрада ўсталявання кантролю над вытворчасцю прадуктаў і іх размеркаваннем. Бальшавікі лічылі, што вырашэнне рабочага пытання, роўна як і іншых, немагчыма без адабрання ўлады ў буржуазнага ўрада і перадачы яе Саветам.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі шматнацыянальнае насельніцтва Расіі як былой турмы народаў атрымала магчымасць свабодна рэалізаваць свае нацыянальныя патрэбы. Ужо ў сакавіку менавіта яўрэі дамагліся ліквідацыі дыскрымінацыйнай палітыкі, набылі роўныя з астатнімі грамадзянамі правы. Найбольшую папулярнасць сярод яўрэйскіх працоўных набыў бундаўскі праект культурна-нацыянальнай аўтаноміі. Часовы ўрад і Петраградскі Савет далі гарантыю палякам у тым, што пасля перамогі над Германіяй будзе адроджана незалежная Польшча. Усе партыі мелі свае нацыянальныя праграмы, якія, акрамя кадэцкай прадугледжвалі, у перспектыве наданне народам нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Бальшавікі выказваліся за наданне кожнаму народу права на нацыянальнае самавызначэнне аж да аддзялення ад Расіі і ўтварэння ўласнай дзяржаўнасці.

Такім чынам, з вясны па восень найбольшыя зрухі ў лозунгах і тактыцы партый вызначыліся ў пытанні аб вайне. Асноўная маса рэвалюцыйнай дэмакратыі, за выключэннем бальшавікоў, адкінула абаронніцкі погляд на яе, але па-ранейшаму выступала за мір без анексій і кантрыбуцый. Ацэнка зместу аграрных праграм дазваляе меркаваць, што памешчыцкае землеўладанне не мела перспектыў на далейшае існаванне. Вырашэнне рабочага пытання дасягнула значнага прагрэсу, але ва ўмовах узрастаўшага эканамічнага крызісу яшчэ заставалася вельмі вострым. Нацыянальнае пытанне таксама набывала рэальные перспектывы да станоўчага вырашэння. Наогул, большасць грамадскасці аддавала перавагу дэмакратычнаму, рэфармісцкаму шляху развіцця Расіі, які павінен быў вызначыць Устаноўчы сход.

4. Беларускі рух вясной-летам 1917 г.

Першыя імпульсы беларускага руху пасля Лютаўскай рэвалюцыі выявіліся ў Мінску, у асяроддзі супрацоўнікаў Нацыянальнага камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны (старшыня Р. Скірмунт). Ужо 6 сакавіка група яго служачых наладзіла беларускі мітынг, а праз ты-дзень – гарадскую акцыю, якая складалася са сходаў, збору сродкаў на карысць нацыянальнага друку, у тым ліку шляхам продажу бела-чырвона-белага значка. На адным з мітынгаў упершыню прагучала ідэя аб неабходнасці краёвай аўтаноміі.

25-27 сакавіка ў Мінску намаганнямі членаў адноўленай БСГ (старшыня камітэта А. Смоліч) быў скліканы з’езд каля 150 прадстаў-нікоў беларускіх партый і арганізацый для распрацоўкі праграмы дзе-янняў, арганізацыі вёскі, краёвага жыцця і інш. Нягледзячы на пэўныя перашкоды, з’езд завяршыўся абраннем кіруючага цэнтра – Беларус-кага Нацыянальнага Камітэта з 18 чал., у большасці грамадоўцаў (старшыня Р. Скірмунт), якому належала ажыццявіць прапанаваныя камісіямі пастановы, а таксама распачаць падрыхтоўку выбараў Кра-ёвай Рады. Меркавалася, што Ўстаноўчы сход канчаткова вырашыць форму нацыянальнага самавызначэння Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Свае спадзяванні вырашэнне гэтага пытання дэлегаты з’езда выказалі ў Дэкларацыі, а таксама ў наказе дэлегатам, адпраўленым у Петраград.

З узнікненнем БНК стварыліся ўмовы для далейшай кансалідацыі нацыянальных сіл і пашырэння сацыяльнай базы руху. Таму спрыяла прапаганда матэрыялаў, прынятых з’ездам беларускіх арганізацый, стварэнне і пачатак дзейнасці новых партый – Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БНПС) і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, выхад у свет 18 красавіка і 28 мая друкаваных органаў БСГ – Грамада (рэдактар А. Смоліч) і БНК –Вольная Беларусь (рэдактар Я. Лёсік). У красавіку–ліпені суполкі БСГ узніклі ў Віцебску, Гомелі, Капылі, Слуцку, Смілавічах. Але ў чэрвені партыйны цэнтр разам з газетай быў перанесены ў сталіцу, што паслабіла мясцовы беларускі рух.

З другога боку, актывізацыя руху на чале з БНК выклікала антыбеларускія настроі ў асяроддзі рэвалюцыйнай дэмакратыі. Адной з падстаў для таго паслужыў факт абрання на пасаду старшыні БНК Скірмунта - па класавых мерках буйнога памешчыка, што кідала цень на ўвесь нацыянальны рух. У выніку на Беларусі на працягу вяснылета не заціхала кампанія, скіраваная на іх дыскрэдытацыю. У Мінску ініцыятарамі яе зяўляліся выканком Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., Настаўніцкі саюз, група дэлегатаў з Беларусі, браўшых удзел ва Ўсерасійскім сялянскім зездзе. У выніку, беларускі рух, у адрозненні ад яўрэйскага або польскага, не набыў падтрымкі, а наадварот, сустрэў усебаковае процідзеянне з боку вядомых дзеячаў (бальшавіка М. Фрунзе, эсэра С. Каваліка, энэса I. Мятліна) і ўзначальваемых імі ўстаноў.

Акрамя таго, сярод праціўнікаў БНК апынуўся створаны ў Віцебску Беларускі народны саюз, па сутнасці, праваслаўна-псеўданацыянальная арганізацыя заможных гараджан – чыноўнікаў, інтэлігентаў – па ідэйным накірунку прыхільнікаў заходнерусізму. Такім жа антыбеларускім па сутнасці з’яўляўся гомельскі - Саюз беларускай дэмакратыі. Адзінай за межамі Мінска арганізацыяй, якая ўстала на платформу БНК, з’яўляўся Магілёўскі Беларускі камітэт.

Усведамляючы цяжкасці развіцця руху, грамадоўцы вынеслі гэтую праблему на абмеркаванне з’езда беларускіх арганізацый, які адбыўся ў Мінску 8-11 ліпеня. Асноўнымі вынікамі яго сталі: скасаванне БНК і абранне новага кіруючага органа – Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый (старшыня Я. Лёсік); стварэнне Бюро беларускіх вайскоўцаў, аднаўленне Беларускага вучыцельскага хаўрусу (саюза) і іншае. 5-6 жніўня новае кіраўніцтва ЦРБА сабрала ў Мінску на чарговую сесію прадстаўнікоў сваіх 23 партый і суполак.

Як вынікала з паведамленняў яе ўдзельнікаў, новай з’явай у беларускім руху стала распаўсюджанне нацыянальных лозунгаў на франтах, а таксама ўзмацненне барацьбы за беларускую школу. Удзельнікі сесіі абралі выканком ЦРБА, куды ўвайшлі: Р. Астроўскі, Ф. Галавач, Я. Дыла, З. Жылуновіч, Курчэвіч-Сяўрук, Я. Лёсік, А. Смоліч, Ф. Шантыр.

Пэўны прагрэс у развіцці руху намеціўся за межамі Беларусі, калі асобныя яго лідэры бралі ўдзел у Дзяржаўнай і Дэмакратычнай нарадах, а таксама на з’ездзе народаў у Кіеве, дзе ўпершыню ў поўным абёме заявілі аб нацыянальных патрабаваннях беларусаў.

15 кастрычніка ў Мінску адкрылася чарговая сесія ЦРБА. 36 яе ўдзельнікаў прадстаўлялі інтарэсы 27 675 членаў беларускіх партый і арганізацый. На гэты час перапыніў працу III з’езд БСГ, а яго старшыня – Я. Дыла ўзначаліў прэзідыум сесіі. У выступленнях Я. Лесіка і А. Гаруна вызначылася тэндэнцыя да аб’яднання ўсіх беларускіх сіл. Важнейшым фактарам узняцця беларускага руху прызнавалася фарміраванне нацыянальнага войска і стварэнне агульнага органа кіравання. Такім органам стала Вялікая Беларуская Рада, створаная на базе рэарганізаванай ЦРБА з удзелам дэлегатаў з’езда беларусаў-вайскоўцаў. У яе выканком (старшыня капітан В. Адамовіч) было абрана 24 чал. Рэарганізацыя кіруючага цэнтра беларускага руху з абраннем у яго значнай колькасці вайскоўцаў на чале са старшынёй ВБР адбіла новы напрамак дзейнасці – утварэнне на базе расійскага войска ўласных узброеных сіл як гарантыю дасягнення нацыянальных ідэалаў.

18 кастрычніка ў Мінску распачаў працу скліканы выканкомам ЦРБА з’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга і іншых фронтоў, а таксама Балтыйскага флоту, на якім абмяркоўваліся пытанні: аб выбарах ва Ўстаноўчы сход і арганізацыі беларусаў-вайскоўцаў. Дэлегаты падтрымалі праграмны пункт БСГ аб утварэнні Краёвай Рады, а таксама пастанавілі ўтварыць у Мінску Цэнтральную Вайсковую Беларускую Раду (ЦВБР) для сумеснага (разам са Стаўкаю) кіраўніцтва фарміраваннем беларускіх часцей. З улікам узрастання ролі вайсковых элементаў у беларускім руху 25 кастрычніка з’езд БСГ абраў склад свайго ЦК, у які разам з цывільнымі дзеячамі – Я. Дылам (старшыня), А. Гаруном, П. Бадуновай, А. Смолічам, З. Жылуновічам, Я. Варонкам, Б. Тарашкевічам – былі абраны вайскоўцы В. Адамовіч, С. Рак-Міхайлоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла, В. Муха.

Але новыя станоўчыя перамены ў беларускім руху не паспелі ўвасобіцца ў яго канкрэтных справах. Асноўнымі прычынамі таго з’яўляліся: падрыўная дзейнасць ПС-Р і РСДРП(б), нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларускага сялянства. З-за распачатай кампаніі супраць беларускага руху, быццам інспіраванага памешчыкамі, яго сацыяльная база амаль не мела значных перспектыў да пашырэння. Адну з прычын цяжкасцей развіцця беларускага руху варта аднесці на кошт тых яго палітычных кіраўнікоў з ліку БСГ (З. Жылуновіч і інш.), хто арыентаваўся на агульнарасійскую рэвалюцыйную дэмакратыю і не спрыяў кансалідацыі ўсіх нацыяльна свядомых беларусаў.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.

2. 100 пытанняў i адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. i прадмова І. Саверчаны, З. Санько. – Мн., 1994.

3. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.

4. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.

Скачать архив с текстом документа